Не больш за 22 еўра і 10 кг у месяц. Змяняюцца ліміты на пасылкі з-за мяжы
«Мытныя плацяжы не выплачваюцца ў дачыненні да тавараў для асабістага карыстання, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях на працягу каляндарнага месяца ў адрас аднай фізасобы, якая знаходзіцца на тэрыторыі рэспублікі, і (або) альбо ўвозяцца на тэрыторыю краіны на працягу каляндарнага месяца ў адрас аднаго атрымальніка ў якасці тавараў, што дастаўляюцца перавозчыкам, калі мытны кошт такіх тавараў у сукупнасці не перавышае суму, эквівалентную 22 еўра, і агульная вага ў сукупнасці не перавышае 10 кілаграмаў», – гаворыцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Указ уступае ў сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Сёння беларусы могуць бяспошлінна атрымліваць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстання на суму не больш за 200 еўра ў месяц (незалежна ад колькасці пакупак). Калі ліміт перавышаны, то давядзецца заплаціць 30% з сумы перавышэння. У Расіі гэтая норма складае 1000 еўра і 31 кілаграм у месяц.
Пра тое, што пакупкі беларусаў у замежных інтэрнэт-крамах плануецца ўпарадкаваць, яшчэ ў сакавіку 2015 году заявіў міністр гандлю Валянцін Чаканаў. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў старшыня Савета рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.
У лістападзе мінулага года краіны ЕАЭС разглядалі пытанне ўвядзення падатку на пакупкі ў замежных інтэрнэт-крамах. Адзін з варыянтаў, які прапаноўвала Еўразійская эканамічная камісіі, – увесці збор у памеры 15 еўра на ўсе пасылкі з-за мяжы даражэй 22 еўра і цяжэй 1 кілаграма. Але пазней ад ідэі ўвесці падатак адмовіліся.
Яшчэ ў канцы студзеня старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Юрый Сянько заявіў, што беларуская мытня не лічыць неабходным уводзіць абмежаванні па атрыманні пасылак з-за мяжы для асабістага карыстання. Хоць яшчэ ў снежня 2015 года чыноўнік казаў, што ў Беларусі могуць увесці новыя ліміты на такія пасылкі. Сярод варыянтаў абмежавання, якія тады разглядаліся, – абмежаваць інтэрнэт-пакупкі за мяжой сумай 200 еўра ў год, а таксама ўвесці новыя ліміты па вазе пасылак.
Як адзначаюць у мытні, колькасць пасылак з таварамі з-за мяжы ў Беларусь у 2015 годзе вырасла амаль удвая. Да прыкладу, колькасць беларускіх карыстальнікаў, якія праз «Яндекс.Кассу» аплацілі анлайн-пакупкі на кітайскіх анлайн-пляцоўках, павялічылася за мінулы год у 2,5 разы.
Крыніца: FINANCE.TUT.BY