Колькасць дзяцей, якія атруціліся ў школе пад Гродна, павялічылася да 43: на харчовае атручэнне не падобна
Пра гэта распавяла TUT.BY прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна.
Дзеці скардзіліся на слабасць, галаўны боль, болі ў жываце, млоснасць і іншае.
“Па стане на раніцу 12 лютага ў гарадзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы знаходзіцца 43 дзіцяці. Адзін – у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, стан сярэдняй цяжкасці, стабільны. У 42 дзяцей стан адносна здавальняючы”, – паведаміла падрабязнасці Вольга Шульпіна.
Узрост дзяцей, па дадзеных Следчага камітэта, – ад 7 да 17 гадоў.
Папярэдні дыягназ застаўся тым жа – атручэнне невядомым рэчывам. З Мінска ў Гродна выехалі таксіколаг, дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг, дзіцячы інфекцыяніст і неўролаг, на чале з намеснікам міністра аховы здароўя Ігарам Ласіцкім.
У школе праведзены замеры паветра на ўтрыманне шэрагу хімічных рэчываў. Яны паказалі, што небяспечнай канцэнтрацыі няма, радыяцыйны фон не перавышаны, распавялі ў МНС.
Папярэдне лекары разглядалі версію харчовага атручвання, але пазней з’явілася і іншая, звязаная з працай школьнай кацельні. Зараз медыкі схіляюцца да таго, што малаверагодна, што менавіта харчовае атручванне стала прычынай масавага нядужання.
– Узбуджаная крымінальная справа па факце службовай халатнасці. Ход расследавання узяты пад асабісты кантроль старшынёй Следчага камітэта, – паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.
Усім пацярпелым пастаўлены папярэдні дыягназ “атручэнне невядомай этыялогіі”.
Следчыя дапытваюць сведак, атрымліваюць інфармацыю, якая мае значэнне для ўстанаўлення фактычных абставінаў і прычын таго, што адбылося, канфіскавана і старанна вывучаецца тэхнічная і іншая дакументацыя. Для ацэнкі стану навакольнага асяроддзя ў памяшканнях школы і на прылеглай тэрыторыі канфіскоўваюцца рэчавыя доказы. Атрыманы ўзоры паветра і вады, якія накіраваны ў лабараторыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і іншыя дзяржаўныя ўстановы для правядзення экспертных даследаванняў.
На тэрыторыі школы учора ўвесь дзень працавалі медыкі, спецыялісты з міліцыі, МНС і газавыя службы.