Tłusta Łusta пераспявалі N.R.M. на музыку Ramones

|

Пераможцы “Басовішча-2008” прасоўваюцца штуршкамі – пасля актыўнай дзейнасці бяруць паўзу на некалькі год, каб потым зноў паўстаць ды заявіць пра сябе. Новы самотнік гурта – першы запіс пасля выхаду альбому “Пераначуеш – больш пачуеш” (2013), які быў запісаны ў сваю чаргу пасля 5-гадовага перапынку.

 

 

Новы этап гарадзенцы пачынаюць з кавераў, хоць свайго матэрыялу маюць багата. Вырашылі запісаць і выдаць кавер на песню “Трактар” з першага альбому N.R.M. “LaLaLaLa” (1995). “Песня нам цікавая тым, што ў словы ў ёй належаць беларусам N.R.M., а музыка – амерыканцам з Ramones. Нам якраз такая была і патрэбная – каб не 100% гіцяра, але добрая. А яшчэ ў ёй Гародня згадваецца, што канчаткова вызначыла выбар“, – патлумачыў Tuzin.fm вакаліст гурта Кірыла Богуш. Фактычна ў гэтай версіі ён рэалізаваў даўняе сваё жаданне: “У N.R.M. заўсёды не ставала энергічных панк-песень, хацелася, каб іх музыка загучала хутка. Sex Pistols, Ramones, Misfits – нашая тэма. Цяпер у гэтай тэме і N.R.M.!

 

Tlusta Lusta грае олдскул панк-рок. Музыкі дарабілі ўжо новую праграму і ўжо гатовыя да актыўнай канцэртнай дзейнасці. Сачыць за гуртом можна праз афіцыйную суполку.