Прэзідэнт Польшчы адмовіўся падтрымліваць марш правых у Гайнаўцы

Якое свята?

 

З 2011 году 1 сакавіка адзначаецца ў Польшчы як дзяржаўнае свята – Дзень памяці выклятых салдат. Выклятыя салдаты – польскае партызанскае супраціўленне, якое не прызнала заканчэння Другой сусветнай вайны, выступала супраць камунізму і за незалежнасць Польшчы ад СССР.

 

Першыя групы супраціву сфармаваліся яшчэ ў канцы вайны. Лічыцца, што ўсяго змагалася 120-180 тыс. чалавек, з якіх 7 тыс. загінула. Яшчэ 8 тыс. цывільнага насельніцтва загінулі ў выніку рэпрэсій з боку войска, міліцыі і спецслужб. Жаўнеры падполля актыўна дзейнічалі таксама на так званых “крэсах” – Наваградчыне, Гарадзеншчыне, Віленшчыне.

 

У чым канфлікт?

 

Ад самога пачатку свята выклікала неадназначную рэакцыю – у час галасавання за ўвядзенне новага свята вялікая колькасць дэпутатаў пакінула залу парламента. Да таго ж, у дні нацыянальных святаў у Польшчы заўсёды актывізуюцца правыя партыі і арганізацыі.

 

У гэтым годзе патранат над святам у гонар герояў антыкамуністычнага супраціву абвясціў таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Такая інфармацыя размэшчана на афіцыйным сайце: “Нацыянальны патранат з’яўляецца выразам падзякі і прызнання Прэзідэнта для ўсіх тых, хто ўплывае на вяртанне гістарычнай праўды і памяці пра герояў падполля”.

 

Чаму Гайнаўка?

 

Адна з сёлетніх ініцыятыў – Першы Гайнаўскі марш памяці выклятых салдат. Арганізатары вырашылі правесці шэсце ў Гайнаўцы, дзе жыве шмат прадстаўнікоў беларускай і украінскай нацыянальнай меншасцей, якія, па словах арганізатараў, выступаюць супраць культу памяці пра барацьбу палякаў.

 

На старонцы падзеі можна прачытаць: “Адзначаць памяць нязломных у месцах, дзе камуністычная прапаганда дзейнічае надалей – патрабуе характару і смеласці”. Сярод арганізатараў маршу – Нацыянальна-радыкальны лагер (ONR) – ультраправая польская арганізацыя, традыцыя якой сягае 1930-х гадоў.

 

Найбольшыя сумненні выклікае сцяг гайнаўскага маршу, на якім знаходзіцца, між іншым, Рамуальд Райс – чалавек адказны за забойствы праваслаўных на Падляшшы ў студзені 1946 г. Яго імя выклікае спрэчкі на працягу апошніх гадоў: гэтак, у 2014 г., адну з развязак у Беластоку мясцовыя дэпутаты партыі “Права і Справядлівасць” хацелі назваць у гонар Выклятых жаўнераў.

 

Прэзідэнт адмовіўся

 

Удзел ONR у маршы і сумнеўныя героі выклікалі хуткую рэакцыю – з’явіліся заклікі да прэзідэнта, каб ён адмовіўся ад падтрымкі акцыі.

 

У выніку, хаця прэзідэнт паабяцаў падтрымаць усе падзеі, звязаныя са святкаваннем Дня памяці, і інфармацыя пра гайнаўскае шэсце таксама з’явілася на прэзідэнцкім сайце, учора Анджэй Дуда афіцыйна адмовіўся ад падтрымкі гэтага канкрэтнага шэсця. Гэты выключная сітуацыя – у прэзідэнцкую канцылярыю трапляе шмат просьбаў аб патранаце і звычайна ўсе яны атрымліваюць згоду.

 

Фота: Rafał Guz, Tomasz Gzell / PAP