Сустрэчы Tandem Evevning вярнуліся ў Гродна

Міжнароды дзень роднай мовы святкуецца 21 лютага пачынаючы з 2000 году. Напярэдадні цягам тыдня многія беларускія арганізацыі ладзяць моўныя ініцыятывы. Tandem Evenings in Hrodna таксама далучыўся. Удзельнікі першай сустрэчы, між іншым, займаліся перакладам беларускага верша на замежную мову.

 

Што такое Tandem Evenings?

 

Ідэя моўных сустрэч прыйшла ў Гродна мінулай вясной. Яна з’явілася на хвалі цікавасці да павышэння моўных кампетэнцый, абмену моўным і культурным досведам, знаёмства з замежнікамі і з людзьмі, якім цікава вывучаць мовы. Ідэя Tandem Evenings распаўсюджаная ва ўсім свеце – разам з большымі магчымасцямі для падарожжаў супольнасці становяцца шматкультурнымі і шматмоўнымі. Таму і запатрабаванне ды гатоўнасць вывучаць новыя мовы пастаянна растуць.

 

Сустрэчы Tandem Evenings – некамерцыйныя і адкрытыя. Гэта ініцыятывы знізу, якія часта праходзяць у кавярнях ці на прыродзе. У Гродне арганізатар сустрэч – ГА “Цэнтр “Трэці Сектар”. Ініцыятарка гарадзенскіх сустрэч Вольга прысутнічала на такіх спатканнях у Варшаве, а калі прыехала ў Гродна, то захацела арганізаваць нешта падобнае.

 

“Шмат хто казаў, што хоча навучыцца нейкай мове, але няма з кім размаўляць, што нешта ўмее і разумее, але няма практыкі і цяжка гаварыць. Я таксама вывучаю некалькі моваў і хочацца гэта развіваць. Таму я і прыдумала Tandem Evenings in Hrodna”, – кажа Вольга.

 

Як гэта выглядае?

 

Удзельнікі сустракаюцца каб размаўляць на розных мовах – за некалькі столікаў сядаюць людзі, якіх аб’ядноўвае веданне адной мовы. У Гродне можна сустрэць людзей, якія ведаюць англійскую (самую папулярную), польскую, беларускую, румынскую, французскую, нямецкую, італьянскую і шмат іншых – калі на сустрэчу прыйдзе другі чалавек, які ведае нейкую мову, можна ўжо ствараць новы моўны столік. Сярод удзельнікаў – таксама носьбіты моваў.

 

Важна, каб было весела, інтэрактыўна, цікава і карысна.  На думку Вольгі, проста сядзець, вучыць мову з кніжкі – гэта нецікава. “Хочацца пастаяннага руху, таксама магчымасці абмяркоўваць з іншымі нейкія тэмы. Нефармальнай атмасферы і адкрытасці на ўсіх”.

 

Хто ўдзельнікі?

 

На тандэм можна прыйсці кожнаму: таму, хто толькі пачынае вывучаць мову, і таму, хто ўжо добра яе ведае. Прыходзяць людзі рознага ўзросту, з рознымі зацікаўленасцямі.  Галоўнае – жаданне камунікаваць і пашыраць свае моўныя кампетэнцыі.

 

Як стаць удзельнікам?

 

Наступная сустрэча адбудзецца ў пятніцу, 26 лютага, у 18.00 па адрасе вул. Будзёнага, 48а-63 (“Цэнтр “Трэці Сектар”). Сустрэчы адкрытыя і бясплатныя. Арганізатары запрашаюць таксама падпісацца ў суполцы ў вк.