Старына вышэйшага класу
Фромборк з першага дотыку нагадвае тыповы турыстычны гарадок – стары адноўлены замак, старажытны храм, мноства шапікаў і лавачак з сувенірамі – «вырабы мясцовых майстроў». І натоўп турыстаў. Ага, і за кожны крок плаціш грошы…
Робіцца больш цікава, калі пачула, што Фромборк быў цэнтрам каталіцкага біскупства. Узнікаюць надта цікавыя асацыяцыі – гатыцкія раманы, «Імя ружы» Умбэрта Эка. Праўда, аніякі экскурсавод не распавядзе самай займальный часткі гэтага мястэчка – закулісных тайнаў сярэдневяковага духавенства.
Таму гісторыя выглядае так:
Доўгі час тэрыторыя належала Тэўтонскаму ордэну і была Прускай. З XV ст. горад адышоў да польскіх уладанняў і атрымаў сучасную назву. Паўстаў спачатку як рыбацкая вёска. Пабудаваны побач Кафедральны пагорак – комплекс, які складаецца з Кафедральнага гатыцкага сабору, які акружаны замкавымі мурамі, біскупскага палацу, кананічнай курыі, вежы. Гэты комплекс залічаны да найвышэйшага класу помнікаў сусветнага значэння. Ажно да 1926 году Кафедральны пагорак лічыўся асобнай ад Фромборка адміністратыўнай адзінкай.
У саборы штогод ладзяцца фестывалі арганнай музыкі. Уразіў інструмент – фігуркі анёлаў і купідона са званочкамі, да таго ж яны рухаюцца! Анёл на цэнтральнай вежы грае на мандаліне, а херувімы абарачаюцца вакол сваёй восі. Знаўцамі інструментаў гэты арган залічваецца ў пяцёрку лепшых у Польшчы.
Тут Зямля пачала абарачацца вакол Сонца
У 12 гадзін дня пачалі граць на аргане. Уваход, дарэчы, у сабор платны. Увогуле, каб увайсці хоць куды-небудзь на тэрыторыі комплекса, трэба асобна плаціць. Што сказаць пра гранне? Што Бах у жывым выкананні або марш Мендэльсона – моцная рэч? Дык гэта трэба слухаць. Тыя, не больш як 10 хвілін жывога арганнага гучання, мне запомніліся найболей.
> |
|
Хаця пачынаць трэба было з таго, што менавіта тут вялікую частку свайго жыцця правёў Мікалай Капернік, тут і памёр. Фромборк і знакаміты тым, што тут канонік Кафедральнага сабору Мікалай Капернік пабудаваў у адной з вежаў муроў сваю абсерваторыю, бібліятэку і памяшканне для захоўвання інструментаў для астранамічных даследаванняў. У вежу ўбудаваны маятнік Фуко – прылада, якая дае магчымасць візуальна назіраць за рухам Зямлі вакол сваёй восі. Уласна ў Фромборку Капернік абрабіў сваю працу «Аб абарачэннях нябесных сфер», якая змяніла тагачасныя погляды на Сусвет. Менавіта Зямля пачала абарачацца вакол Сонца, а не наадварот, як сцвярджаў Пталемей. Само сабой, тут арганізаваны музей Мікалая Каперніка.
Я б што-нішто тут перарабіла…
Ад вялізнай колькасці «старыны вышэйшага класу» я пачынаю стамляцца. Ды і музей трошкі нуднаваты і неяк дзіўна ўладкаваны – здаецца, сцены зробленыя нібыта пад старыя часы, затое на вокнах шклопакеты. Акрамя рэчаў датычных уласна Каперніка, там ёсць манеткі, посуд і іншыя такія штукі.
Карацей, я села на лавачку і пад промнямі цёплага сонейка пачала ўяўляць, як можна было б афарбаваць у больш цікавыя і інтрыгуючыя колеры гэты комплекс. Напрыклад, у музеі вас мог бы сустрэць сам Капернік, у адпаведным строі, і правесці па сваёй абсерваторыі: «Вось з дапамогай гэтых інструментаў я назіраю за нябеснымі целамі. А вось лісткі дрэнным почыркам – мая галоўная праца, якая зменіць погляд людзей на Сонца і Зямлю…» А вучонаму можна было б задаваць самыя ідыёцкія пытанні – бо вучоным усё падаецца зразумелым, і таму любыя пытанні звычайных людзей менавіта такімі і падаюцца. Няблага было б сустрэць і сярэдневяковае духавенства – манахаў, або нават епіскапа. У нейкі момант мне нават падалося, што я ўбачыла, як мільганула крысо сутаны проста за рагом Кафедральнага сабору…
Фота аўтара