Выпі са мной, Чарлі
Нейкі час таму, у будынку адноўленага кінатэатра «Чырвоная Зорка» (так і хочацца крыкнуць: «Всегда готов!»), адчыніўся бар «Чарлі». Я скіраваў свае крокі туды, нават не падазраючы, што куфаль лідскага на фоне «Працоўнага і Калгасніцы» ды бутафорскай кінакамеры схіляць мяне да нейкіх там разважанняў.
Што патрэбна, каб адкрыць сапраўды клёвую, запамінальную кавярню, месца, у якое захочацца вярнуцца? Грошы і фантазія – неабходны мінімум кожнага маладога генія гастранаміі. І, што асабліва сумна, праблемай часцей за ўсё з’яўляецца другое.
Зрабіць кепскую забягалаўку вельмі лёгка, нават уклаўшы ў яе вялікую суму. Калі фантазія дае збой і, як галівудскія сцэнарысты, раптам пачынае забастоўку, тады нараджаюцца безасабовыя пачвары. Троху зэканомім на матэрыялах – сталы з апілак падыдуць, замовім партыю прыгожых крэслаў з Ікеі, вядро «Снежкі» на сцяну – каштоўная банальнасць. То бок – кіч. Тыпова беларускі падыход, між іншым. З ідэяй пачакаем да лепшых часоў.
Зрабіць арыгінальнае месца з мінімумам сродкаў, наадварот, не такая ўжо і вялікая праблема. Крэслы з розных камплектаў, рэшткі старых шпалераў – на кожнай сцяне іншыя, дзесятак старых прыёмнікаў і тэлевізараў, паўцемра, скрыпучая канапа ля сцяны і абавязковая музыка, якую не пачуеш у эфіры. Не кажыце, што такая кавярня не стане культавай.
Справа ж, па вялікім рахунку, у ідэі. Назваўся «Чарлі», дык, калі ласка, абарані права на назву. Ралеты з вясёлым валацугам у кацялку і надрукаваныя на хатнім прынтэры афішы ягоных фільмаў – ці не падаецца вам, што гэтага троху мала? Дзе музыка з эпохі, дзе прагляд фільмаў з Чарлі, дзе хаця б нейкае афармленне інтэр’еру? Дзе зніжкі для наведвальнікаў кіно? Калі так, дык завіцеся проста «Бар». Ёсць жа ў нас карчма «Карчма» і ніхто не супраць.
Не будзем пра абслугоўванне і арыгінальнасць меню. Хаця кактэйль «Вораг народу» ці салат «Ахвяра Адраджэння» я б замовіў, не міргнуўшы нават у самым гіблым месцы. А калі забягалаўка прэтэндуе на кінематаграфічнасць? Вуаля: салат «Саспіенс», гарнір «Сон Хічкока», шніцэль па-Галівудску, суп «Вудзі», кактэйль «Тэрмінатар 2», комплексны абед «25-ты кадр»… Спіс можна працягваць да бясконцасці. Карыстайцеся, мае парады бясплатныя.
І загляніце ў слоўнік, пашукайце там слова «канцэптуальнасць».