Шклозавод “Нёман” можа пачаць продаж хрусталя ў Індыю
“Я наведаў шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы і быў уражаны як самой вытворчасцю, так і прадукцыяй. Упэўнены, яна можа быць запатрабавана на індыйскім рынку. Дамо прадпрыемству спіс патэнцыйных партнёраў у нашай краіне, а таксама запросім да ўдзелу ў лістападзе ў галоўнай прамысловай выставе ў Індыі”, – адзначыў Панкадж Саксена.
Амбасадар растлумачыў, што Гродзенская вобласць стала першым рэгіёнам Беларусі, які ён наведвае. Паводле яго слоў, вобласць адрозніваецца развітой прамысловасцю. Акрамя таго, менавіта Гродзеншчына – лідар у краіне па развіцці супрацоўніцтва з рэгіёнамі Індыі.
“Рыхтуецца пагадненне паміж вобласцю і штатамі Андхра-Прадэш і Телангана ў Індыі. Чакаем, што падпісана яно будзе ўжо ў першай палове 2016 года. Мы бачым, што ў нас ёсць агульныя падыходы, узаемная цікавасць. Прычым не толькі ў эканоміцы і гандлёвых адносінах, але і ў адукацыі, культурнай сферы”, – адзначыў Уладзімір Краўцоў. Ён дадаў, што ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце навучаецца больш за 100 індыйскіх студэнтаў, і колькасць абітурыентаў з Індыі пастаянна павялічваецца.
Рэалізуюцца сумесныя праекты. Індыйская кампанія прымала ўдзел у рэканструкцыі Гродзенскай ЦЭЦ-2, цяпер распрацоўваецца яшчэ некалькі праектаў у сферы энергетыкі. Цікавым можа стаць супрацоўніцтва ў фармакалогіі. Індыйская кампанія рэалізуе інвестыцыйны праект па вытворчасці медыкаментаў на базе РУП “Белмедпрэпараты” ў Скідзелі: інвестыцыі складуць каля 2,8 млн долараў, будзе створана 50 новых працоўных месцаў.
У 2016 годзе плануецца візіт афіцыйных і дзелавых колаў у індыйскі горад Хайдарабад. Як адзначыў Панкадж Саксена, гэты горад – адзін з тых, што найбольш дынамічна развіваюцца ў Індыі, прычым Гродна з адкрыццём у абласным цэнтры парка высокіх тэхналогій можа стаць партнёрам індыйскіх кампаній менавіта ў сферы IT-тэхналогій і мікраэлектронікі. Таксама запланаваны абмен “тытунёвымі” дэлегацыямі. ГТФ “Нёман” і індыйскіх вытворцаў тытуню звязваюць даўнія партнёрскія сувязі.
З 24 па 26 лютага Гродзенскую вобласць наведвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Панкадж Саксена. У праграме сустрэча з індыйскімі студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта, знаёмства з патэнцыялам СЭЗ “Гроднаінвест” і прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну.