Вена – сталіца «Усходняй Краіны»
Па шчырасці, ехаўшы ў Вену, я зусім не чакаў пабачыць велічныя палацы і трыумфальныя аркі – маленькая краіна, адкуль ім там быць. Неяк выпала ў мітусні, што для нашай часткі Еўропы такіх гарадоў існуе толькі тры – Вена, Берлін і Санкт-Пецярбург, сталіцы трох імперый, дзве з якіх сканалі ў ХХ стагоддзі, а трэцюю назвалі федэрацыяй.
«Ці можаце вы сабе ўявіць, гэта была дзяржава, у якой можна было сесці на цягнік у Станіславове і даехаць да мора ў Харватыі, ні разу не праходзячы пашпартнага кантролю», – прыгадаліся словы паплечніка Гедройца Багдана Асадчука.
Вось ужо 90 год, як той дзяржавы няма, але Вена, як мне падалося, здолела захаваць той старасвецкі дух імперскай велічы і годнасці.
Гэта Хофбург (Hofburg), галоўная рэзідэнцыя імператара. У нашы дні тут рэзідэнцыя прэзідэнта Аўстрыі.
Да 1918 у гэтым будынку размяшчалася Палата дэпутатаў Аўстра-Вугорскай імперыі (Reichsratsgebäude), цяпер тут месціцца парламент Аўстрыі (Hohes Haus).
Летняя рэзідэнцыя Габсбургаў – палац Шанбрун (Schönbrunn Schloss). Тут пасля Напалеонаўскіх войнаў праходзіў Венскі кангрэс, той самы, што зацвердзіў новую палітычную архітэктуру Еўропы. Тут жа у 1918 Карл I адрокся ад прастолу, у выніку чаго скончылася гісторыя Аўстра-Вугоршчыны. Сёння тут музей.
Бельведэр (Belvedere) – адна з імператарскіх рэзідэнцый, а цяпер месца музейных экспазіцый.
Галоўны храм Вены – сабор Святога Стэфана (Stephansdom). З’яўляецца сімвалам Вены і ўсёй Аўстрыі.
Гледзячы на гэты будынак насупраць Stephansdom, прыгадваецца Львоў. Гэта і не дзіўна, калі памятаць, што Вена і Львоў больш як сто гадоў былі ў адной дзяржаве.
Не ўся Вена, аднак, выглядае па-імперску манументальна. Венскае прадмесце Грынцынг (Grinzing) захавала тое, што ў нас завецца «сектар прыватнай забудовы».
Тут здаўна робяць віно. У нашы часы ледзь не кожны дом ператвораны ў рэстаран, дзе падаюць віно ўласнай вытворчасці. Гасцям часта накрываюць сталы ва ўнутраных дворыках, ад чаго летнюю вуліцу залівае вясёлы шум.
Вінна-вінаградная тэматыка ў Грынцынгу на кожным кроку.
Вена – месца апошняга спачынку многіх кампазітараў. Тут пахаваныя Бетховен, Брамс, Шуберт, Штраўс. Моцарту пашанцавала меней. Яго пахавалі ў агульнай безыменнай магіле. Помнік на здымку – верагоднае месца спачыну класіка.
>
Гэтак жа, як на дзве няроўныя часткі горад перацінае Дунай, так саму раку падзяляе штучная выспа (Donauinsel). Меншае (штучнае) рэчышча завецца Neue Donau (Новы Дунай). Дзесьці чытаў, што ў нашым фальклоры захавалася шмат песень пра Дунай, але не ведаю, ці гэта праўда.
Вось каму няма чаго рабіць у Вене, дык гэта прадаўцам фільтраў для вады. Венцы ганарацца якасцю сваёй вады, якую можна піць проста з крану, а таксама з імправізаваных крынічак у горадзе.
Калі ёсць жаданне пабачыць цэнтр гораду з вышыні – адпраўляйцеся на Donauturm (Дунайскую вежу).
Зрэшты, адсюль відаць не толькі цэнтр. Гэта ўсходнія раёны Вены. За гарой на даляглядзе (той, што са светлай плямай) знаходзіцца славацкая Братыслава.
На вежы, як часта і бывае ў такіх месцах, месціцца кавярня, падлога якой круціцца, каб паказаць госцю поўную панараму гораду.
Недалёка ад Donauturm размешчана еўрапейская штаб-кватэра ААН. Спрабуючы туды патрапіць, я перажыў пэўнае дэ-жа-вю. «Сёння наведванняў няма, прыходзьце заўтра зранку», – сказала чорнаскурая дзяўчына ў блакітнай форме. Калісьці слова ў слова мне гэта казаў індус пад будынкам ААН у Нью-Ёрку.
Калі панарама з Donauturm падалася маленькай, самы час ехаць на Лысую Гару (менавіта так перакладаецца назва Kahlenberg). Адсюль, з паўночных ускрайкаў, аўстрыйскую сталіцу відаць поўнасцю.
З Каленбергам і суседняй гарой Леапольдсберг звязаныя падзеі Венскай бітвы 1683 г. Адсюль аб’яднаныя войскі еўрапейскіх дзяржаў пад камандаваннем караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага пачалі наступ і разбілі турэцкія войскі, спыніўшы іх паход супраць хрысціянскага свету.
Цікава, што большасць турыстаў на Каленбергу польскамоўныя. Нават прадавачка ў шапіку змагла перайсці на польскую, праўда, з моцным акцэнтам. Як аказалася, на гэтым польскасць гары не скончылася. Імша ў Türkenbefreiungskirche (Касцёле Вызвалення ад турак) вядзецца па-польску, а гадзіннік на яго вежы адбівае мелодыі польскіх рэлігійных песень.
Ацаніць сельскія аўстрыйскія краявіды можна трохі ад’ехаўшы ад Вены на поўнач, дзе ляжыць зямля Ніжняя Аўстрыя.
Мэтай майго візіту туды быў Burg Kreuzenstein.
Kreuzenstein – гэта замак, пры чым не зусім звычайны. Яго на месцы руінаў пабудаваў у ХІХ ст. Ёган Вільчак, старшыня венскага Геаграфічнага таварыства. Вільчэк выкарыстаў як аўтэнтычныя фрагменты, так і перавёз канструкцыі з іншых замкаў. Рэканструкцыя вялася з ужываннем выключна гістарычных тэхналогій.
У выніку атрымаўся сярэднявечны скансен, дзе эклектычна змяшаліся эпохі і дзяржавы.
Адметна, што гістарычныя ў замку не толькі сцены, але і дробныя дэталі, а таксама інтэр’еры.
У асобных пакоях размяшчаюцца зборы сярэднявечнай зброі і іншыя цікавыя экспанаты. На гэтым здымку, напрыклад, сапраўдная дыба для катаванняў. Канешне, Вільчак прывёз яе як гістарычны рарытэт і ў анікога не збіраўся выбіваць паказанні.
Не гледзячы на тое, што замак і цяпер належыць Вільчакам, цяпер тут музей, у які пускаюць раз на гадзіну і праводзяць экскурсіі.
У Кройцанштайне давялося сутыкнуцца з новай для мяне з’явай. Тут даюць «на чай» гіду. Напрыканцы экскурсіі, калі аповед спадабаўся гасцям, гід чакае ад іх падзяку ў выглядзе манеты ў 1-2 еўра.
Я, вядома, не магу і не буду прасіць чытачоў аб тым самым. Аднак усе тыя, каго мне ўдалося перанесці на момант ў атмасферу Аўстрыі, могуць выкласці ўсё, што думаюць, у каментах.
Фотаздымкі: Сяргей Кузняцоў, Аня Сэмлер