Гран-пры “Каложскага благавесту” атрымаў румынскі хор “Алетэя”
Да ўдзельнікаў фестывалю звярнуўся міністр культуры Барыс Святлоў. Кіраўнік ведамства, у прыватнасці, адзначыў, што стрыжнем культуры ў чалавеку з’яўляецца духоўнасць, і такога кшталту фестывалі спрыяюць яе ўзрастанню і ўмацаванню ў душах людзей.
Затым выступіў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Ён распавёў пра тое, што сярод удзельнікаў фестывалю было праведзена апытанне, у якім сярод іншага было зададзена пытанне аб тым, ці неабходна праводзіць мерапрыемства кожны год. Усе аднадушна выступілі менавіта за штогадовае правядзенне. У сувязі з гэтым, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, фестываль і надалей будзе праводзіцца штогод.
Далей прайшло ўзнагароджанне лаўрэатаў. Традыцыйна журы ацэньвала выступленні калектываў у некалькіх катэгорыях, у кожнай з якіх прысуджаліся дыпломы трох ступеняў. Уладальнікам Гран-пры ў гэтым годзе стаў хор “Алетэя” храма ў гонар Святых Пятра і Паўла г. Ясы (Румынія), рэгент – Джэта-Дарына Юшкё.
Пасля заканчэння цырымоніі адбыўся гала-канцэрт, падчас якога лаўрэаты выканалі свае лепшыя творы.
XV Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі благавест” сабраў у Гродне больш за 30 калектываў з васьмі краін. Арганізатарамі выступаюць Гродзенская праваслаўная епархія і Гродзенскі аблвыканкам. У склад міжнароднага журы ўваходзяць святары са спецыяльнай музычнай адукацыяй, выкладчыкі вышэйшых музычных навучальных устаноў, кампазітары, хормайстар, кіраўнікі харавых калектываў розных краін. Пераможцаў вызначаюць у васьмі намінацыях.