Атамны крэдыт: як расійскі алігарх багацее на будаўніцтве БелАЭС

Па колькасці адкрытых у мінулым годзе ў Беларусі прадстаўніцтваў замежных арганізацый Астравец заняў другое месца пасля сталіцы.
У гэтым невялікім населеным пункце, як сведчаць дадзеныя Міністэрства замежных спраў, дзейнічаюць прадстаўніцтвы каля двух дзесяткаў замежных кампаній. Прычым, усе яны расійскія і ў асноўным займаюцца засваеннем грошай, выдзеленых на будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Крэдыт, дарэчы, выдадзены расейскім бокам пад гарантыі беларускага ўрада.

 

Сярод найбуйнейшых падрадчыкаў інжынірынгавая кампанія “Атамбудэкспарт”, якая ўваходзіць у склад “Расатама”, а таксама пастаўшчык абсталявання, санкт-пецярбургскі машынабудаўнічы холдынг “Сілавыя машыны”, які належыць расійскаму мільярдэру Аляксею Мардашаву.

 

У рэйтынгу расійскіх “каралёў дзяржзаказу”-2016, складзеным Forbes, гэты бізнэсмэн заняў шостае месца. “Сілавыя машыны” выйгралі ў 2015 годзе новыя тэндэры “Расатама” на пастаўку абсталявання для атамных станцый у Расіі, Індыі і Іране.

 

Таксама падрады ў Астраўцы атрымалі расійскія кампаніі: “Мосфундаментбуд-6”, завод “Дзяржынскхіммаш”, “Трэст РосСЭМ”, “Атамэнергапраект” і “Энергаспецмантаж”.

 

Па колькасці адкрытых у Беларусі прадстаўніцтваў расійскія арганізацыі ў мінулым годзе сталі безумоўнымі лідэрамі. Паводле дадзеных замежнапалітычнага ведамства нашай краіны, на працягу 2015 году былі дадзены дазволы больш чым 70 кампаніям з Расійскай Федэрацыі, у тым ліку такім буйным прадпрыемствам, як “Еўрахім”, “Уралхім”, Расійскаму агенцтву па страхаванні экспартных крэдытаў.

 

У першую пяцёрку ўвайшлі суб’екты гаспадарання з Кітая, ім было выдадзена 11 дазволаў, Літвы (8), Германіі і Украіны (па 6). Усяго на працягу 2015 года беларускі МЗС выдаў дазволы на адкрыццё каля 135 прадстаўніцтваў з 22 краін.

 

Расія лідыравала ў 2015 і па ліку ліквідаваных прадстаўніцтваў. За год па розных прычынах была спынена дзейнасьць 58 прадстаўніцтваў расійскіх кампаній і арганізацый. На другім месцы па ліку зачыненняў Германія – 9. А ўсяго спынілі існаванне каля 125 прадстаўніцтваў.

 

“Заўтра тваёй краіны”