Беларускія веламаршруты на Аўгустоўскім канале стануць часткай еўрапейскай сеткі

“У Еўропе велавандроўкі становяцца ўсё папулярней, адкрыты маршруты даўжынёй у тысячы кіламетраў, якія праходзяць па тэрыторыі некалькіх дзяржаў. Некаторыя з іх знаходзяцца зусім побач з нашымі межамі. Напрыклад, маршрут R11 “Грэцыя-Скандынавія” або маршрут Green Velo, які злучае Балтыку і Закарпацце. Выхады на іх размешчаныя літаральна ў дзясятку кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы”, – адзначыў Алег Андрэйчык, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

 

Ён падкрэсліў, што аблвыканкам прапрацоўвае пытанне ўключэння ў міжнародную сетку і веламаршрутаў, пракладзеных у раёне Аўгустоўскага канала на беларускім баку.

 

Праца ў гэтым кірунку вядзецца ў тым ліку і з партнёрамі ў суседніх дзяржавах, распрацоўваецца некалькі трансгранічных праектаў для развіцця веласіпеднай інфраструктуры ў прыграніччы. Для гэтых мэтаў запланавана і змена статусу пункта пропуску “Лясная-Рудаўка” на Аўгустоўскім канале. Калі раней ён быў даступны толькі водным падарожнікам, то ў будучыні перасекчы тут беларуска-польскую мяжу змогуць і веласіпедысты, і пешаходы.

 

Ужо да сёлетняга турыстычнага сезону на Аўгустоўскім канале адкрыюць некалькі новых веламаршрутаў па найбольш маляўнічых месцах.

 

“Парк” Аўгустоўскі канал” уключае ў сябе і частку Нёмана, яго берагі ад канала да Гродна. Таму плануем зрабіць маршруты па колу, вывесці іх да абласнога цэнтра. Адзін з планаваных трансгранічных праектаў прадугледжвае будаўніцтва веласіпедна-пешаходнага мосту праз Нёман у раёне Аўгустоўскага канала. Гэта дазволіць як скараціць шлях для веласіпедыстаў ад Гродна і вывесці існуючыя і плануемыя веламаршруты ў кірунку на літоўскі Друскінінкай”, – распавёў Алег Андрэйчык.

 

На беларускай частцы Аўгустоўскага канала запланавана актыўнае развіццё спадарожнай інфраструктуры, стварэнне пунктаў пракату, абслугоўвання ровараў, крам, аб’ектаў сэрвісу. Для бяспечнага руху веласіпедыстаў плануецца адаптаваць і аўтадарожную сетку: шляхам стварэння выдзеленых палос і веладарожак.