Дарожная карта развіцця Аўгустоўскага канала прынята ў Гродзенскай вобласці
“Дарожная карта разлічана на перыяд з 2016 па 2020 год. Запланавана больш за 80 розных мерапрыемстваў. Прычым ужо да новага турыстычнага сезону будзе зроблена некалькі новаўвядзенняў. Перш за ўсё ў гэтым годзе плануем як мінімум раз у тыдзень праводзіць значнае і цікавае для турыстаў мерапрыемства – спаборніцтвы, фэсты, канцэрты. Плюс будзем актыўна працаваць над тым, каб Аўгустоўскі канал стаў больш даступным не толькі для беларусаў, але і для замежнікаў”, – адзначыў Алег Андрэйчык. Ён падкрэсліў, што стаўка будзе зроблена ў тым ліку на турыстаў, якія вандруюць на роварах, пешшу, а таксама на водным транспарце.
Для турыстаў-воднікаў створаць некалькі новых маршрутаў. Пастаўлена задача гарманізаваць воднае заканадаўства Беларусі і краін-суседак – Польшчы і Літвы, каб у турыстаў пасля перасячэння мяжы не ўзнікала непаразумення. Таксама ў планах развіццё інфраструктуры для тых, хто вандруе на яхтах, катэрах і байдарках – на Аўгустоўскім канале і Нёмане запланавана будаўніцтва як мінімум дзевяці зручных прычалаў з неабходнымі элементамі сэрвісу, магчымасцю зарадзіць акумулятары, папоўніць запасы вады, адпачыць на турыстычных базах.
Прыцягнуць дадатковых турыстаў дапаможа і змяненне статусу пункта пропуску “Лясная-Рудаўка” на беларуска-польскай мяжы. Мяжу тут змогуць перасячы не толькі маламерныя суды, як было раней, але і пешаходы і веласіпедысты. Будзе прапрацаваны варыянт будаўніцтва рачнога пункта пропуску на Нёмане на беларуска-літоўскай мяжы ў раёне Аўгустоўскага канала, што таксама станоўча адаб’ецца на прывабнасці воднай артэрыі.
Сярод іншых мерапрыемстваў – развіццё сеткі веладарожак і маршрутаў, уладкаванне ля значных славутасцей парковак, будаўніцтва новых турыстычных баз.
Прынятая таксама праграма развіцця населенага пункта Сапоцкін, які, як плануецца, стане ўязнымі варотамі на Аўгустоўскі канал. Тут намечана адкрыць аб’екты сэрвісу, музеі, інфармацыйна-турыстычны цэнтр.
Фота: holiday.by