Мурмельшпіль, шпоры і… грузілы для рыбалкі. ТОП-10 знаходак гарадзенскіх археолагаў за 2015 год
1. Мурмельшпіль
Гэта каменьчыкі круглай формы для сярэднявечнай дзіцячай гульні, більярд часоў ВКЛ. Цікава, што праз сотні год, ужо ў паваеннай Горадні дзеці таксама гулялі ў шкляныя шарыкі са шклозаводу.
Назва «мурмельшпіль» нямецкая, гэтая забаўка была распаўсюджаная паўсюдна ў тагачаснай Еўропе. Нагул жа, гульня вельмі старажытная: найстарэйшыя падобныя каменьчыкі, знойдзеныя археолагамі, датуюцца 3 тыс. да н.э.
2. Каменныя ядры
Былі знойдзеныя ў слаях XIV-XV стст. Памеры розныя, найбольшыя ў дыяметры даходзяць да паловы метра. Археолагі лічаць, што гэта акурат тыя ядры, якімі атакавалі замак, бо знойдзеныя яны ў розных месцах, а не ў адным, як склад боепрыпасаў.
Некаторыя з ядраў былі выкарыстаныя на замку, напрыклад, у якасці камянёў бруку. Такімі ядрамі, зразумела, не стралялі з гарматаў: іх закідвалі ў замак катапульты.
3. Цагліны з адбіткамі лапаў
На замку часцяком знаходзяць будаўнічыя матэрыялы са слядамі жывёлінаў, пачынаючы ад ХІІ ст. На цэгле часоў вялікага Княства – гатычнай і рэнесансавай – адбіткаў ужо значна менш. Адбіткі сабачай лапы і капытоў казы археолагі датуюць часамі Баторыя.
Цэглу выраблялі і сушылі паза межамі замку. Вядома, што ў Горадні ў другой палове XVІ ст. жыў Антоні дэ Грып, які займаў пасаду замкавага муляра ды трымаў уласную цагельню ў вёсцы Сухой ці Гарадніцы. Там жывёлы, імаверна, і пахадзілі па будматэрыялах.
4. Фрагмент клінка мяча
Археолагі датуюць знаходку XV ст. Нягледзячы на тое, што фрагмент невялікі, гэта важны здабытак. Парадаксальна, але за ўвесь час на замку не было знойдзена аніводнага мяча ці яго фрагменту. Адзіную шаблю пазнейшых часоў тут знайшлі польскія даследчыкі ў перадваенны перыяд.
5. Каменны крыжык
Падобныя нацельныя крыжыкі былі распаўсюджаныя ў Беларусі ў часы сярэднявечча, але акурат гэты трапіўся ў значна пазнейшых слаях – магчыма, зямля ў гэтым месцы была ссунутая. Менавіта на гарадзенскім замку гэта ўжо трэці каменны крыжык.
Большасць каменных крыжыкаў таго часу былі зробленыя з імпартных нятанных матэрыялаў – мармурам, яшмы ці лазурыту. Часам выкарыстоўваўся таксама балтыйскі бурштын.
6. Шпоры
Знаходка з другой паловы XV стагоддзя. На жалезных шпорах захаваліся мацаванні, спражка, кручок, а таксама вострыя шыпы. Падобныя шпоры вельмі прыгожа аздабляліся і часам нагадвалі сапраўдныя творы мастацтва.На жаль, знойдзеныя ў мінулым сезоне асобнікі, час не пашкадаваў…
Горадня ў археалагічным плане заўжды была вельмі «хлебнай» менавіта на шпоры – іх знаходзілі ў розных варыяцыях і розных перыядаў, як багата аздобленыя, так і сціплыя.
7. Свінцовае грузіла
Скручаны кавалачак металу не прыцягнуў бы асаблівай увагі, каб не адзін істотны момант: выраблены ён быў, найбольш імаверна, са свінцовай бляхі, лістамі якой была пакрытая Ніжняя царква, на тэрыторыі Старога Замку.
Царква была знішчаная пажарам неўзабаве пасля свайго будаўніцтва, а свінец з даху, як бачым, гаспадарлівыя гарадзенцы пусцілі на побытавыя патрэбы. Аналагічныя грузілы знаходзілі яшчэ да вайны польскія археолагі – Ядкоўскі і Дурчэўскі.
8. Тачыла для нажа
Знаходка вельмі папулярная для сярэднявечных слаёў. Гэта частка стандартнага «джэнтльменскага набору» таго часу: мужчына, зазвычай, меў пры сабе нож, кнот, крэмень, каб развесці вогнішча. Тачыльны брусок, які таксама падвешваўся да поясу, за адсутнасцю кішэняў, мог быць своеасаблівым бонусам.
9. Казённік ад гарматы
Можа апынуцца адной з самых старажытных знаходак агняпальнай зброі на Беларусі. Фрагмент гарматы моцна пацярпеў ад пажару, што магло быць наўпрост звязана з баявымі дзеяннямі на тэрыторыі замку. Дакладна датаваць яго пакуль цяжка, але імаверна, што казённік будзе старэйшым за XVІІ ст. Зараз прадмет знаходзіцца на ачыстцы ў рэстаўратараў.
10. Каменнае сонейка XVІІІ ст.
Некалі было часткай аздаблення палацу, які мы цяпер ведаем як Новы замак у Горадні. Наколькі зараз вядома, барочныя гербавыя картушы з замку былі дэмантаваныя расейцамі ў ХІХ ст. падчас перабудовы. Элементы дэкору былі вывезеныя і захаваныя ў Бераставіцы Мураванай Станіславам Антоніем Солтанам у 1858 годзе.
Ужо ў 1920-х гг. першы дырэктар музею Юзаф Ядкоўскі вярнуў каменную калекцыю на тэрыторыю замку, дзе яны экспанаваліся ў міжваенны перыяд. За савецкім часам, імаверна, іх наўпрост разбілі… рабочыя, падчас пракладкі камунікацыяў. Там жа аскепкі і былі закапаныя.
Знойдзеныя фрагменты чакаюць свайго часу: яны патрабуюць прапіткі, ачысткі і падрыхтоўкі для далейшай рэстаўрацыі.