Міжнародны фестываль “Нёманская вясна” адкрые сезон на Аўгустоўскім канале
Міжнародны фестываль па турысцка-прыкладным шматбор’і ў тэхніцы воднага турызму адбудзецца 31 сакавіка – 3 красавіка на рацэ Асташанцы ў раёне Аўгустоўскага канала (в. Нямнова). У ім возьмуць удзел каля трохсот удзельнікаў з Беларусі і каманды з Расіі, Украіны, Польшчы. Запрашэнні накіраваны ў турысцка-спартыўныя арганізацыі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, Славеніі і іншых краін.
У дзвюх групах каманд будуць спаборнічаць зборныя абласцей, Мінска, замежныя каманды, а таксама каманды гарадоў, раёнаў, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў, спартыўных калектываў фізічнай культуры.
Спартсменаў і аматараў чакаюць спаборніцтвы на байдарках (каяках, каноэ) і катамаранах у асабістым і камандным заліках. У праграме традыцыйна значацца забаўляльныя мерапрыемствы, конкурс фільмаў аб водным турызме і канцэрт аўтарскай песні.
Арганізатарамі фестывалю воднага турызму “Нёманская вясна” выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Гродзенскае абласное ўпраўленне спорту і турызму, ГА “Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз”, Рэспубліканскі вучэбна-метадычны цэнтр фізвыхавання насельніцтва, ГА “Белспортзабеспячэнне”.
Фота: holiday.by