Больш за 60 млрд рублёў накіруюць на абнаўленне Воранава да абласных “Дажынак”
Пасёлак гарадскога тыпу вызначаны месцам абласнога свята працаўнікоў вёскі ў 2016 годзе. Створаны папярэднія планы па падрыхтоўцы райцэнтра, да 1 красавіка распрацуюць праграму культурных мерапрыемстваў. На рамонтныя і будаўнічыя работы ў Воранава накіруюць сродкі з абласнога і мясцовага бюджэтаў, дарожнага фонду, сродкі прадпрыемстваў.
У раённым цэнтры плануецца адрамантаваць і прывесці ў парадак будынкі грамадскага прызначэння. У першую чаргу новае аблічча атрымаюць аб’екты паблізу галоўных пляцовак свята – плошчы і Дома культуры, гарадскога парку і стадыёна і вуліц, якія іх злучаюць. Добраўпарадкоўваць тэрыторыі і абнаўляць фасады будынкаў гатовыя за свой кошт прадпрыемствы і ведамствы, гаспадары больш за 30 прыватных дамоў. Плануецца накіраваць сродкі на навядзенне парадку ў бліжэйшых аграгарадках, праз якія праходзяць ажыўленыя аўтадарогі.
Будаўніцтва новых аб’ектаў у Воранава да свята хлебаробаў не прадугледжваецца. Асноўнай задачай на бягучы год з’яўляецца пачатак рэканструкцыі старых карпусоў Воранаўскай сярэдняй школы (спачатку – рэканструкцыя харчаблока і правядзенне цеплавой рэабілітацыі), а таксама будаўніцтва прыбудовы для дзяцей малодшага ўзросту і дашкольнікаў да базавай школы ў Больцішках. Гэтыя аб’екты пры магчымасці максімальна падрыхтуюць да “Дажынак”.
Абласное сельскагаспадарчае свята “Дажынкі-2016” адбудзецца ў Воранава ў лістападзе. У мінулым годзе работнікаў сельскай гаспадаркі вобласці ўшаноўвалі ў Дзятлаве.
Дзятлава рыхтуецца да “Дажынак”: райвыканкам адбудоўваюць, палац Радзівілаў прадаюць