Пенсіянерка з вёскі ля Гродна выратавала ад маразоў бусла
Адкуль бы ні вярталася Тэрэза Феліксаўна, бусел Дзёба заўсёды сустракае яе ля брамкі. Дзелавіта аглядае сумкі – ці няма пачастунку, і з важным відам суправаджае да дома. Да чужых Дзёба ставіцца насцярожана, і нават гаспадыні, якой цалкам давярае, раз-пораз дае зразумець, што ён – птушка вольная і самастойная.
Шмат часу бусел праводзіць у двары ў кампаніі хатніх птушак. Схавацца ад назойлівых курэй няма дзе, хіба што ў гняздзе на даху гаспадарчай пабудовы. Тут яго і знайшла пенсіянерка мінулай восенню. Стая паляцела на поўдзень, Дзёба чамусьці застаўся.
З тых часоў бусел як член сям’і. Калі сын на працы, сваімі клопатамі і праблемамі пенсіянерка дзеліцца з птушкай-кампаньёнам. Дзёба хоць і дрэнны суразмоўца, затое добры слухач. Больш за ўсё Тэрэза Феліксаўна перажывае за здароўе свайго гадаванца і імкнецца максімальна разнастаіць яго рацыён. Сняданак, абед і вячэра – строга па раскладзе.
Вопыту зносін Тэрэзы Феліксаўна з птушкамі могуць пазайздросціць нават дасведчаныя арнітолагі. Дзёба ўжо другі бусел, выратаваны пенсіянеркай. Паўтара гады таму яна выхадзіла ледзь жывое птушаня.
Пенсіянерка разумее: рана ці позна Дзёба паляціць. Бо яе прыгажуну-буслу трэба шукаць пару. Тым больш ёсць куды прывесці сяброўку – гняздо на даху дома Тэрэзы Феліксаўна ўсё яшчэ пустуе. Магчыма, ненадоўга, бо першыя буслы ўжо вярнуліся ў Гродзенскую вобласць пасля зімоўкі.