Святары, якія спявалі “Магутны Божа” каб выйграць кнігі, атрымалі іх яшчэ да заканчэння конкурса

|

25 сакавіка у актавай зале кафедральнага сабора адбылася літаратурная вечарына, прысвечаная 70-годдзю Саюза ў Гродне. У час імпрэзы памочнік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака перадаў для бібліятэкі кнігі на беларускай мове.

 

“Нядаўна ў сеціве з’явілася відэа, на якім гарадзенскія святары чытаюць верш “Магутны Божа”. У кароткі час яно разышлося па прасторы інтэрнэта. Канечне, мы таксама яго бачылі, і яго нам вельмі спадабалася. Мы вырашылі перадаць ад Саюза шэраг кніг, негледзячы на тое, пераможа гэты ролік у конкурсе ці не”, – сказаў Усевалад.

 

Дзякуючы ініцыятыве СБП фонды парафіяльнай бібліятэкі папоўніліся творамі Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Юрася Залоскі, Алеся Пашкевіча, Дар’і Вашкевіч, часопісамі “Дзеяслоў” і дзіцячым часопісам “Гарбузік”.

 

“Калі казаць шчыра, мы не надта разлічвалі нават на перамогу ў конкурсе, а тым больш на ўвагу да нашага відэа  па-за яго межамі. Таму ўдвая прыемна, што так атрымалася. Спадзяюся, атрыманыя кнігі будуць карыстацца попытам у нашых парафіян”, – адказаў адзін з аўтараў роліка дыякан Дзмітры Паўлюкевіч.