“Нашыя дзеці робяць нас лепшымі”: у Гродне прайшоў канцэрт дзяцей з інваліднасцю
Галоўнымі зоркамі канцэрту былі дзеці, якія неаднаразова перамагалі ў нацыянальных і міжнародных конкурсах творчасці.
Саша Рафалоўскі у час канцэрта паспеў сябе зарэкамендаваць як танцор, спявак, комік і нават барабаншчык.
Бурныя апладысменты прысутных сабраў адзін з самых маленькіх удзельнікаў – Саша Мандрыкевіч.
Сваім усходнім танцам залу скарыла Сабіна Зульфугарава.
Па словах яе маці, дзяўчынка пачала танцаваць 12 год таму, каб паправіць сваё здароўе, а зараз уваходзіць у нацыянальную і міжнародныя федэрацыі танца, выступае на самых розных пляцоўках.
Вольга Івашына (на здымку ўверсе ў капелюшы) ужо добра вядомая гарадзенцам сваімі неверагоднымі пластычнымі нумарамі. Вось і гэтым разам, нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне выступу прапала музыка, Воля не разгубілася і бліскуча датанцавала свой нумар да канца.
Ну а кульмінацыяй канцэрта стаў выступ трох маці, якія гадуюць дзетак з інваліднасцю.
Неверагодна кранальны танец прымусіў залу спачатку на некалькі хвілін замерці, а затым узарвацца апладысментамі!
Ужо пасля выступу адна з жанчын – Ядзя Кляпацкая распавяла крыху пра нумар, а таксама пра сваю дачушку Таню:
– Яна такая энэргічная, любіць спяваць, бываць у кампаніі з людзьмі. У нас двое дзяцей і мы імкнемся ўсяляк разнастаіць іх жыццё – кажа Ядзя.
Наша задача – прыняць дзяцей такімі, якія яны ёсць – гэтыя словы неаднойчы гучалі ў час сустрэчы ў “Галактыцы”. І сапраўды, гэтыя людзі ўмеюць прымаць сваіх дзяцей з усімі іх асаблівасцямі, любіць іх, развіваць іх здольнасці і атрымліваць такія ж светлыя пачуцці ў адказ.
Мерапрыемства было арганізаванае гарадзенскім аддзяленнем “Беларускай асацыяцыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў” у межах праекта “Мастацтва за інклюзію”, які здзяйсняецца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці.
Пазнаёміцца з брашурамі з серыі “Звычайныя людзі” можна на сайце арганізацыі.