Вусная гісторыя: навошта і як збіраць успаміны?

|

 


Чаму варта запісваць успаміны?


Хаця б з прычыны захаваць успаміны старэйшага пакалення пра мінулае ў фарматах аўдыё і відэа. Сталыя людзі вельмі хутка адыходзяць. З імі і памяць пра значныя і нязначныя падзеі з гісторыі не толькі краіны ці мясцовасці, а яшчэ і сваёй сям’і. Вусны ўспамін продка паслужыць не толькі захаваннем памяці аб ім, але можа стаць і сямейнай рэліквіяй, якую варта перадаваць дзецям ды ўнукам.

 

 

Для навукоўцаў вусныя ўспаміны – цудоўная крыніца для даследаванняў. З гэтай інфармацыяй могуць працаваць гісторыкі, этнолагі, этнографы, лінгвісты, іншыя навуковыя спецыялисты, ці звычайныя краязнаўцы. Пры гэтым шматлікія з іх працуюць не з факталагічнай часткай успамінаў (якая можа быць даволі спрэчнай), а з праблемамі ментальнасці, ідэнтычнасці, калектыўнай памяці.

 

 


Што трэба мець для запісу ўспаміну?


Ёсць 3 асноўныя прадметы: відэакамера, дыктафон, фотаапарат. Відэакамера фактычна перадае тую ж інфармацыю, што і дыктафон, але на відэафайле бачны чалавечыя эмоцыі. Калі чалавек узгадвае радасную падзею, то ён усміхаецца. Калі ж сумную, то можа і заплакаць. Больш таго, некаторыя сталыя людзі адчуваюць сябе няёмка пры запісе на відэа, тады прыходзіць на дапамогу дыктафон. Фотаапарат патрэбен каб фіксаваць старыя здымкі ці ўнікальныя дакументы, якія могуць захоўвацца ў суразмоўцы. Ну і канешне, неад’емнай часткай вуснага гісторыка з’яўляюцца асабістыя якасці: уменне слухаць і не перабіваць апавядальніка, эмпатыя і камунікабельнасць.

 

 


Як збіраць вусную гісторыю?


Першапачаткова трэба вызначыцца з тэмай даследавання. Да прыкладу “Гродна ў міжваенны перыяд”. Варта скласці адмысловы апытальнік – асноўныя пытанні для запісу ўспаміна. Наступны этап – знайсці рэспандэнтаў – людзей, якія б пагадзіліся распавесці пра абраную падзею.

 

 

Выбарка павінна быць рэпрэзентатыўнай, г. зн. людзі розных сацыяльных слаёў, гендэраў, прафесій, веравызнанняў і г.д. Пасля сустрэцца з імі ды пачаць запіс успаміну. Калі далей плануецца выкарыстоўваць успамін у навуковых мэтах, то варта заключыць дамову з распандэнтам наконт аўтарскіх правоў.

 

 

 

 

Фота Марка Харламава