Карта паляка: польскі Сейм аднагалосна прыняў папраўку ў законе

Падчас паседжання Сейма, 1 красавіка, дакладчык праекта і старшыня Камітэта па сувязях з палякамі за мяжой Міхал Дворчык нагадаў, што Закон аб Карце паляка, прыняты у 2007 годзе, быў накіраваны на дапамогу ў кантакце паміж суайчыннікамі, якія пражываюць на тэрыторыі так званых крэсаў  першай і другой Рэчы Паспалітай з радзімай. Таму, з яго словаў, шукалі магчымасць аблягчыць  атрыманне візаў і даць іншыя прывілегіі палякам, што жывуць на Усходзе.

 

Сённяшняя папраўка накіравана на іншую вельмі важную групу палякаў, якія жывуць у былым Савецкім Саюзе. Тых, хто хоча прыехаць у Польшчу і  пасяліцца тут назаўжды. Мы ствараем ім такую магчымасць, больш таго – мы даем ім магчымасць вельмі хутка атрымаць польскае грамадзянства. На працягу першых месяцаў, самых галоўных, самых складаных месяцаў адаптацыі ў нашай краіне, польская дзяржава падтрымае іх, каб яны маглі адчуваць сябе тут як дома” – сказаў Дворчык у сваёй прамове.

 

Паводле ацэнак Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, з нагоды паправак у Польшчу могуць прыехаць некалькі дзясятак тысяч палякаў з Усходу – у асноўным з тэрыторыі Беларусі і Украіны, сярод жыхароў каторых уладальнікаў Карты паляка найбольш. Толькі ад снежня 2015 года заяўку на атрыманне  Карты падалі  каля  76 тысяч беларусаў і 70 тысяч украінцаў.

 

Як пазначаў раней Міхал Дворчык, у год можа прыязджаць нават да 20 тыс. чалавек, але гэта можны рэгуляваць адпаведна з фінансавымі магчымасцямі польскай дзяржавы.

 

Паводле паправак, уладальнікі Карты паляка будуць вызвалены ад консульскіх збораў за падачу і разгляд заяўкі на атрыманне польскай візы, а таксама консульскіх збораў за прыняцце заяўкі на атрыманне польскага грамадзянства.

 

Асноўныя змены ў законе тычацца  магчымасці атрымання дазволу на пастаяннае жыхарства (Karta Stałego Pobytu) тымі ўладальнікамі Карты паляка, што хочуць пасяліцца ў Польшчы. Праз год яны атрымаюць грамадзянства і адначасова могуць разлічваць на дапамогу польскай дзяржавы – будуць мець магчымасць падаць заяўку на фінансаванне часткі коштаў за арэнду жылля, фінансаванне інтэнсіўных курсаў польскай мовы або прафесійных курсаў. “Адаптацыйная дапамога” складзе каля 6 тыс. злотых.  Атрымаць яе зможа не толькі сам уладальнік Карты паляка, але і яго сям’я.

 

Праграма пачне працаваць з 2017 года.