Таннае шоў замест рэальнай аховы
З такім зваротам да беларускай і міжнароднай супольнасці напярэдадні святкавання 600-годдзя з моманту пачатку аховы Белавежскай пушчы звярнуўся вядомы беларускі эколаг Георгій Казулька.
Тэкст звароту надрукаваны на сайце greenbelarus.info
На думку Георгія Казулькі, элітныя і камерцыйныя паляванні, меліярацыя, штучныя лесапасадкі, засваенне тэрыторый і сельская гаспадарка доўгі час працавалі супраць Вялікага Белавежскага Лесу.
– Мы не столькі захавалі Белавежскую пушчу, колькі не паспелі забіць яе! І працягваем забіваць з выкарыстаннем своеасаблівых “прыродаахоўных” тэхналогій, хаваючыся за прыгожымі словамі пра запаведнасць і гучнымі святкаваннямі – сцвярджае Георгій Казулька.
Абурэнне спецыяліста выклікае і стан экалагічнай асветы ў пушчы. Узровень экскурсій у Нацыянальным парку такі, што спецыялісты-эколагі проста ў жаху. Замест прапагандавання Белавежскай пушчы як куточка дзікой прыроды з рэліктавай флорай і фаўнай, цэнтральнае месца адведзена таннаму шоў пад назвай «Белорусский Дед Мороз». На думку спецыяліста, усё павінна быць наадварот.
Афіцыйнае святкаванне юбілею пушчы адбудзецца 19-20 верасня.
Удзел ва ўрачыстасцях возьме каля 5 тыс. гасцей з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы.
Кандыдат біялагічных навук Георгій Казулька доўгі час жыве ў Белавежскай пушчы, з’яўляецца кіраўніком працоўнай групы “Прырода і Запаведная справа”, якая дзейнічае ў межах Таварыства “Зялёная сетка”.
На здымку: Георгій Казулька ў час велапрабега па Белавежскай пушчы. 2006 г.
Фота: bp21.org.by