Гарадзенскі гурт “Вочы” прэзентуе дэбютны альбом

|

Заснавальнік гурта “Вочы” Юры Дубовік вядомы найперш як заснавальнік культавай гарадзенскай каманды “Воображаемые люди”. Яна паўстала яшчэ ў 1993 годзе, мае ў дыскаграфіі шэсць альбомаў. Жартам гэты гурт завуць “бацькамі гарадзенскіх эма”. Назвалі каманду ў гонар першага альбому The Cure “Three Imaginary Boys”.

 

“Вочы” спачатку лічыўся сайд-праектам “Воображаемых людей”. Яго ідэя паўстала ў 2012 годзе, калі Юры нечакана нават сам для сябе стаў пісаць па-свойму. “Я заўсёды пісаў толькі па-расейску. За ўвесь час у “Воображаемых людей” была толькі адна беларускамоўная песня – “Дзяўчыночка”. Некалі быў яшчэ досвед, калі я разам з гарадзенскім музыкам Алегам Пухавым працаваў над стварэннем беларускамоўнага мюзікла, які да гэтага часу яшчэ не завершаны. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі.


А тут неяк самі па сабе сталі пісацца беларускамоўныя творы. Я адчуў, што змагу выказаць свае думкі па-беларуску. Я не вельмі добра ведаю мову, таму даводзіцца зазіраць у слоўнікі, але я не дужа пераймаюся з гэтой нагоды. Мы ўсе – людзі майго пакалення – прайшлі праз Савецкі Саюз, усе гаварылі на адной мове. А цяпер у нейкі момант я адчуў неабходнасць выказаць думкі на мове маёй роднай зямлі“, – распавядаў чатыры гады таму ў інтэрвію Tuzin.fm Юры Дубовік.

 

 

Тады яшчэ было цяжка сказаць, наколькі гэта ўсё ўсур’ёз. Але цягам гэтага часу Юры разам з музыкамі ўпарта ішоў да сваёй мэты і працаваў над матэрыялам, каб выдаць альбом. “Амаль палову матэрыялу прыйшлося адправiць у небыццё. За час гуказапiсу праект ператварыўся ў гурт, якi даў шэраг канцэртаў, займеў сваю стылістыку і адметнае гучанне. Раптам усе галасы і гукі ўпарадкаваліся і праца над альбомам скончылася. Галасы продкаў нашэптваюць новыя вершы, так робіцца сучасны фольк, а “Вочы” – яны ўсё бачаць“, – гэтак прадстаўляе сваю працу цяпер Юры.

 

Музыка кажа, што паспрабаваў аб’яднаць ў сваіх песнях усё тое, што называецца “Зямля” і тое, што называецца “Космас”, у адным. Адной з самых важных песен Дубовік называе “Кола”. У ёй закладзена беларуская сансара: пакуль тое кола круціцца – мы жывем. “Канечне, у творах закладзеныя і мае перажыванні. Усё тое, што нацягнулі ногі ад зямлі, па якой я сорак гадоў хаджу – мы паспрабавалі перадаць праз музыку“.

 

 

На жывых канцэртах яго праекту колькасць людзей на сцэне дасягае 10-12 чалавек, а на запісу склад “Вачэй” пашырыўся наогул да неверагоднай колькасці. Юры кажа, што скарыстаў мажлівасць накласці галасы ўсіх тых, “каго прынёс восеньскі вецер”. А прынёс ён багата гарадзенскіх музыкаў. У запісе дыску “Усё бачаць” узялі ўдзел: гурты “Воображаемые люди”Green DanceRed cottonRase Of Dreamers, Agnis, “Людзi на балоце”, ансамблі песнi i танца “Белыя росы” і “Рада” ды іншыя выканаўцы. У афармленнi вокладкi скарыстаныя працы вядомага гарадзенскага мастака Юрыя Якавенкі.

  

Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.