У Гродне адбудзецца вылучэнне дэлегатаў на Беларускі Еўрапейскі Форум

|

Вылучэнне дэлегатаў з Гродна адбудзецца 14 верасня.

Як вынікае са створанага нядаўна сайта euraforum.info, Беларускі Еўрапейскі Форум мае стварыць адкрытую для ўсіх грамадзян інфарамацыйна-дыскусійную пляцоўку па пытаннях супрацоўніцтва Беларусі і Еўрапейскага Звязу.

Ініцыятыва правядзення Форуму належыць лідэру “Руху за Свабоду” гарадзенцу Аляксандру Мілінкевічу, які быў апанентам Аляксандра Лукашэнкі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах.

Цяпер жа некаторыя апазіцыйныя палітыкі крытыкуюць сп-ра Мілінкевіча за празмернае захапленне пытаннямі інтэграцыі Беларусі ў Еўропу і гатоўнасць да дыялогу з ўладамі.

У прыватнасці, не збіраюцца пакуль ісці на гарадзенскі сход па вылучэнні дэлегатаў на Форум сябры партыі БНФ.

– Нас туды пакуль ніхто не запрашаў. Ды і рашэння кіраўніцтва партыі пра ўдзел у мерапрыемстве пакуль няма – пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв’ю “Твайму стылю” кіраўнік гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Па нашай інфармацыі, найбольшую актыўнасць у падрыхтоўцы схода ў Гродне праяўляюць сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД).

На здымку: Аляксандр Мілінкевіч (злева) у час сустрэчы з Вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўерам Салана.

Фота: n-europa.eu