«Я не понимаю слово «возраст». 70-летняя жительница Гродно путешествует, занимается йогой и катается на роликах
Нінэль сустрэла нас ў сваёй кватэры. Там усяго два невялікія пакоі, але аформленыя стыльна і з густам.
– Усё ў стылі мінімалізм, нічога лішняга. Я нават лішніх дзвярэй не люблю, яны быццам абмяжоўваюць свабоду. Плюс для таго, каб даглядаць за вялікім домам, трэба шмат сіл і часу. А для мяне ўборка – усё роўна што фізкультура: і актыўнасць, і парадак у кватэры.
Нінэль прадэманстравала нам сваю калекцыю статуэтак балерын, усе яны не толькі з розных краін, але і з розных эпох. Побач цэлая сцяна фотаздымкаў: Саграда Фамілія ў Барселоне, Егіпецкія піраміды, Германія, Лондан – якіх толькі краін і гарадоў няма на фотаздымках.
– Падарожжы – гэта маё натхненне, мая жыццёвая падпітка, тое, што дае сілы на далейшае жыццё. Нядаўна прыехала з Дамініканы, рабіла сабе падарунак на Дзень нараджэння. Нягледзячы на 11-гадзінны складаны пералёт, гэта было такое шчасце, што ўсе сезонныя балячкі зніклі.
З гадамі ўсё прытупляецца, усе навыкі і памяць робяцца вапнай. Здаецца, трэба шпацыраваць толькі ў двары з сабачкай, тэлевізар, унукі – мы самі заключаем сябе ў камеру. Я ж вольная, як паўднёвы вецер. Падарожжы і любая актыўнасць дастаюць ўсе мінулыя навыкі са сховішчаў памяці. У Дамінікане пайшла на бясплатную дыскатэку, а там музыка маёй маладосці: Глен Мілер, бугі-вугі, рок-н-рол… І як пачала танцаваць! Я думала, што ўсе танцы засталіся ў мінулым, але нічога не сыходзіць.
На гэтай дыскатэцы пазнаёмілася з дзяўчынай, ёй 35, а мне 70. Яна мне нават не паверыла, прыйшлося пашпарт паказваць, – смяецца Нінэль.
Мы запыталіся ў Нінэль, ці еўрапейцы сталага ўзросту больш актыўныя і пазітыўныя, чым іх аднагодкі ў нас у краіне?
– У нас больш унікальных людзей, у сэнсе і ў Беларусі, і на постсавецкай прасторы. Мы ўвесь час нешта пераадольваем, у нас пастаянна нейкія перашкоды і стрэсы, з якімі мы змагаемся. А людзі Захаду забяспечаны лепш, але гэта не значыць, што яны лепш жывуць. Яны распешчаны цывілізацыяй, малаактыўныя, больш сузіральнікі.
Як распавяла Нінэль, у яе было яркае насычанае жыццё, і яна працягвае быць актыўнай і цяпер. Займалася ў балетнай школе, была дыктарам на тэлебачанні ў Калінінградзе, некаторы час жыла ў Германіі, была памочнікам рэжысёра ў тэлерадыёкампаніі Гродна, выкладала харэаграфію ў гарадзенскай гімназіі.
– Мяркую, што мой поспех яшчэ ў тым, што я заўсёды была адкрыта да людзей: як дарослых, так і дзяцей. Я заўсёды лёгка прымала крытыку і парады. Неяк выкладчык ваганаўскай балетнай акадэміі сказаў мне: “Ты павінна жыць так, як быццам за табой сочаць відэакамеры”. І я стараюся так жыць.
– Я адкрыта для моладзі. Яна дапамагае пераадольваць бар’еры старасці. Мяне часта па-добраму правакуюць. Былі з маёй маладой начальніцай у аквапарку на Тэнэрыфэ. Там горка 82 метры, хуткасць такая, што пралятаеш над адмысловым басейнам з акуламі і падаеш у іншы. Яна мне прапанавала, ну я і вырашыла паспрабаваць. Праўда, думала, што мяне не пусцяць: там куча паказальнікаў, што нельга людзям са слабым сэрцам і іншае. А мяне прапусцілі. Думаю, калі што не так, то хоць памру прыгожа, – жартуе Нінэль, – але ўсё абышлося. Самае цікавае, што на гэтую горку нават 40-гадовыя не адважваліся.
А аднойчы былі з сынам у Лондане, грала музыка на плошчы, ён мне і кажа: “Мам, а слабо станцаваць?”. Я гляджу, людзі ўвагі не звяртаюць: хто галубоў корміць, хто размаўляе… І я пачала танцаваць. Лёгка, пад музыку, а калі скончыла, мне ўся плошча апладзіравала.
Нінэль з задавальненнем пагадзілася прадэманстраваць нам некалькі асан з ёгі. Пачынаючы ад класічнай паставы «дрэва», сканчаючы паставай «валадарка рыб».
– Калі не займаюся ёгай, я не такая працаздольная. Калі сышла з балета, зразумела, што трэба зноў заняцца спортам, каб захаваць форму. Была нават траўма спіны неяк, але ёга дапамагла ва ўсім. Аштанга-він’яса ёга вызваляе сілавыя патокі, расцягвае ўсё цела, разагравае.
Ёга мяне шмат ад чаго вылечыла. Я яшчэ на роліках катаюся і на ровары. І, вядома, прагулкі пешшу – гэта і карысна, і эканомна.
Нінэль робіць усё акуратна, выразна, кантралюе кожны рух, паварот галавы. Спецыяльна для нас яна робіць практыкаванні не на спецыяльным дыванку, а на футравай цыноўцы. Некаторыя асаны Нінэль выконвала ў чорнай форме, другія – у чорна-белай.
– Ёга – гэта акуратнасць, філасофія і эстэтыка, як у балеце, так і на тэлебачанні.
Мы спыталі Нінэль пра тое, як яна сілкуецца, бо харчаванне – гэта яшчэ адзін важны крок на шляху да маладосці і добрай фізічнай формы.
– Я, як усе, часам хачу не есці, а жэрці, але заўсёды сябе пераадольваю. Ем практычна ўсе, часта, але патроху. Парой зойдзеш у краму, а там булкамі пахне неверагодна. Але я разумею, што раней такіх штучных пахаў не было – і праходжу міма. Каўбасу, напрыклад, ужо даўно не ем. Яблыкі, брокалі, іншую гародніну і садавіну, рулецік з курыцы раблю. Салодкае можна, але не як асноўную ежу, а як ласунак. Правільнае харчаванне таксама вельмі важна.
Аб прыёме лекаў Нінэль кажа так:
– Трэба прыслухоўвацца да сігналаў свайго арганізма. Калі, напрыклад, ціск скача, то не трэба адразу глынаць таблеткі. Лепш пайсці павольна пашпацыраваць на свежым паветры. Мне і ў такіх сітуацыях дапамагае ёга – расцягвае сасуды.
У Нінэль шыкоўныя доўгія валасы, мы папрасілі яе падзяліцца з намі сваім рэцэптам дагляду за імі.
– За валасамі даглядаць вельмі няпроста. Я раз у тыдзень раблю такую маску: змешваю ў місачцы ўсе алеі, якія ёсць у доме: сланечнікавы, аліўкавы, рапсавы – і добранька ўцерці гэтую сумесь за гадзіну да афарбоўкі і мыцця. Я не карыстаюся фенам, лічу, што гэта адна з памылак маладых дзяўчат – яны не могуць без фена. А фен сушыць валасяныя цыбуліны. Лепш або злёгку недасушыць, калі спяшаецеся, ці пачакаць, каб валасы высахлі самі.
У канцы мы спыталі аб тым, што для самой Нінэль азначае ўзрост.
– Калі шчыра, не зусім разумею гэтае слова, не люблю таксама словы «стары» і «пажылы». Бо жыццё – гэта працэс, а не часовыя урыўкі тыпу «нарадзіўся-ажаніўся-памёр». Чалавек хутка старэе і фізічна, і маральна з-за таго, што носіць у сабе шмат лішняга: ежы, лекаў, непатрэбных думак і умоўнасцяў.
І самае галоўнае – самім усталяваць для сябе стыль жыцця, бо стыль жыцця дыктуе ўсё!
align=”” alt=”Нинель Блохина Гродно 70 лет йога” width=”720″ height=”480″ >