Дыскусія пра АЭС не скончана
Ён распавядаў аб цяперашняй сітуацыі з гэтым праектам і адказваў на пытанні.
Пытанні задаваў вядучы і людзі, якія маюць што сказаць супраць АЭС у Беларусі і выбары для яе месца ў Астравецкім раёне, у прыватнасці. Я таксама паўдзельнічала ў перадачы – выслала сваё пытанне і камент па скайпе. Усё было агучана.
Наогул гэта – прарыў! Уключыўшы на сваім кампе гэтае радыё я, сапраўды сказаць, не разлічвала на тое, што акрамя афіцыйных людзей, там будзе хтосьці яшчэ, прагучаць пытанні, у тым ліку і «правакацыйныя». Ну, зразумела, чаму. Але – не. Дыскусія адбылася. А вось, што ўразіла мяне больш за ўсё. У канцы дыскусіі вядучы ўключыў запіс кароткіх інтэрв’ю на вуліцах Мінску. Мінакам задавалі адно пытанне: як яны ставяцца да будаўніцтва АЭС у Беларусі. І прыкладна палова, не, мабыць большая частка апытаных, была зусім не супраць атамнай станцыі. І гэта ў краіне, больш іншых пацярпелай ад Чарнобылю. Чаму так? Па-першае, таму, што Чарнобыль здарыўся ўжо 23 гады таму. Нарадзілася і вырасла новае пакаленне, якое вельмі мала ведае аб гэтай катастрофе. Па-другое, таму што нашыя СМІ (як друкаваныя, так і электронныя) не песцяць насельніцтва меркаваннямі, альтэрнатыўнымі афіцыйным.
Людзі, якія адказвалі «так» на пытанне аб будаўніцтве АЭС, як завучаны ў школе ўрок паўтаралі тое, што чулі «з тэлевізара». А менавіта: а) без АЭС энергетычнай праблемы не вырашыць; б) жывуць жа іншыя краіны з атамнай энэргетыкай, напрыклад, Францыя; в) рэактары, якія паставіць Расія, мадэрнізаваныя а значыць, надзейныя.
Здзіўляцца тут няма чаму. Афіцыйныя крыніцы інфармацыі гавораць аб АЭС і аб выбары для яе пляцоўкі, як аб справе ўжо вырашанай. У Астравецкім раёне вядуцца працы па будаўніцтве дарогі, якая так і завецца «Газа – АЭС», асвойваюцца грошы на іншую інфраструктуру будучай станцыі.
Паміж тым канчатковага рашэння выбару пляцоўкі пад АЭС яшчэ НЯМА (і ўпершыню гэта прагучала на Radio TUT.BY). Існуе шэраг працэдур, якія проста нельга пераскочыць. Напрыклад АЎНА – адзнака ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. І калі па нейкім іншым будоўлям у Беларусі АЎНА рыхтавалі галоўнай выявай, каб выканаць заканадаўства, то з АЭС сітуацыя іншая. Астравецкая пляцоўка занадта блізкая да межаў Прыбалтыйскіх дзяржаваў. І Беларусь абавязаная апавясціць іх аб сваіх намерах. Так патрабуе Канвенцыя Эспо, якая ратыфікаваная нашай краінай пару гадоў таму.
Мінпрыроды гэта зрабіла, гэта значыць адправіла апавяшчэнні. Зацікаўленасць у абмеркаванні праекту АЭС выказалі, як мы пачулі ў эфіры перадачы ад сп. Андрэева, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і нават Аўстрыя. Акрамя таго, наша грамадскасць таксама можа прымаць удзел у абмеркаванні праекту, унасіць свае заўвагі, задаваць пытанні. З кароткім АЎНА можна азнаёміцца на сайце Мінпрыроды www.minpriroda.by на галоўнай старонцы ў падзеле «актуальна». Але сп. Андрэеў у эфіры паабяцаў выкласці неўзабаве і поўны тэкст гэтага дакумента і ўпэўніў радыёслухачоў, што Міністэрства «чакае заўваг і прапаноў». Сказана даволі адважна. І нават неяк нязвыкла такое чуць. Пытанне толькі ў тым, ці сапраўды ЧАКАЮЦЬ заўваг і прапаноў?
Не ведаю, колькі людзей слухалі гэтую перадачу, і ці звярнула хоць частка з іх увагу на такі цікавы момант: праціўнікі ідэі АЭС гаварылі ў студыі Radio TUT.BY аб тым, што не досыць глыбока і не на сучасным узроўні праведзеныя даследаванні грунтоў…
>
Аб тым, што Астравеччына – рэдкі па прыгажосці ландшафту і несапсаваны ўрбанізацыяй раён – пападзе пад моцнае антрапагеннае ўздзеянне і страціць свае рэкрэацыйныя ўласцівасці… Аб тым, што паўстане пагроза біяразнастайнасці басейну ракі Віліі, у якой існуе унікальны від рыб – атлантычны ласось… Аб тым нарэшце, што незразумела, чаму будаваць будзе Расія, чаму вылучаны расійскі рэактар?
Спадар Андрэеў, які не з’яўляецца ні заказчыкам праекту, ні яго аўтарам (ён, нагадаю, прадстаўнік прыродаахоўнага ведамства) з усіх сіл абараняў ідэю будаўніцтва АЭС і правільнасць выбару пляцоўкі. І якія ж былі аргументы?
Напрыклад аб тым, чаму вылучаны рэактар расійскі, сп. Андрэеў некалькі раз паўтарыў, што «гэта надзейны рэактар», «удасканалены, з падвышанай надзейнасцю». Што можа пацвердзіць іх надзейнасць? Тое, што, па меркаванні сп. Андрэева, такія рэактары будуюцца ў Індыі, Кітаі і нават Балгарыі. Але наконт апошняй краіны памылачка выйшла: дамова на пастаўку расійскіх рэактараў была складзена з ранейшым карумпаваным урадам Балгарыі. А новае чамусьці прыпыніла гэтую здзелку з Расіяй. Пра гэта с-р Андрэеў не ведаў…
Службоўцы, якія прымаюць рашэнні, таксама могуць чагосьці не ведаць. І гэта натуральна – у Беларусі не было досведу рэалізацыі падобных праектаў. Таму надзвычай важна прыслухацца да іншага меркавання, здолець прыняць яго, калі яно рэальна аргументавана. Для гэтага ўладкоўваюцца публічныя слуханні. Першыя пройдуць у Астраўцы 8-га кастрычніка. А наогул абмеркаванне АЎНА плануецца да канца гэтага году. Сачыце за падзеямі. Або прымайце ў іх удзел.
Ніна Палуцкая,
каардынатар экапраектаў у басейне ракі Вілія, член АА Экахата, член грамадскай каардынацыйнай экалагічнай рады пры Мінпрыроды.
На фота: вёска Гервяты (www.naroch.land.ru)
Фота на застаўцы http://www.belarustime.ru