Пэдра. Пенелопа. Мадрыд
Альмадавар сёння – гішпанскі рэжысёр № 1. Нават перадапошні фільм Алена – «Вікі. Крысціна. Барселона» – назвалі «гумарам Алена ў свеце Альмадавара». І сапраўды, ці знойдзецца сёння рэжысёр, які на такім жа ўзроўні мог бы прадставіць у свеце Гішпанію?
Стужкі Пэдра – самае сапраўднае аўтарскае кіно, з пазнавальным антуражам, героямі і гісторыямі. Чырвоны, чорны, карычневы колеры – яго візітоўка. Крымінал, меладрама, эротыка, камедыя – ён можа запхнуць усё гэта ў адзін фільм, і той застанецца не толькі прывабным, але і камерцыйна паспяховым. І, вядома ж, жанчыны, якія нязменна ў цэнтры ўвагі рэжысёра: хатнія гаспадыні, акторкі, прастытуткі, трансвестыты… Каб хоць неяк акрэсліць той трыумф постмадэрнізму, які мы бачым на экране, крытыкі прыдумалі адмысловы тэрмін – альмадрама.
Пэдра – верны паслядоўнік Калумба, толькі ён, наадварот, нанова адкрывае для Галівуда Стары Свет. Менавіта ён паказаў Захаду талент Пенелопы Круз і Антоніё Бандэраса (апошні дык наогул быў да сустрэчы з Пэдра трэцягатунковым акторчыкам). І ўсё гэта пры тым, што ў часы маладосці Альмадавара генерал Франка ўжо паспеў закрыць кінашколу, як рассаднік лібералізму. Можа, акурат дзякуючы гэтаму, Альмадавар змог стварыць свой уласны, свабодны ад абмежаванняў акадэмізму стыль?
Маленькі крок для кінатэатра, вялікі – для ўсяго гораду, калі перафразаваць Армстранга. Нас ужо абыйшла магчымасць паглядзець «Антыхрыста» Ларса фон Трыера. Дагэтуль невядомы лёс пракату «Ворагаў грамадства» Мана і «Бясслаўных ублюдкаў» Тарантына. З апошнім наогул напружаная сітуацыя – з нашым та стаўленнем да Другой Сусветнай, як да святой каровы. Не навучыліся смяяцца з саміх сябе – не атрымаем чарговую кінадозу.
У гэтым сумным шэрагу прапушчаных фільмаў, чарговая «альмадрама» – крыніца радасці і гонару. І без асаблівых затрымак у параўнанні з пракатам у суседніх краінах. Хіба толькі адзін сеанс – мала. З іншага боку, калі б яго не было – ніхто б не заўважыў. За лепшы рэпертуар кінатэатраў, таксама як за дрэвы ці сцены, трэба змагацца. Сам не прыйдзе.
Правінцыя – перадусім у галовах, у ментальнасці. У эпоху інфармацыйнага тэлебачання і хуткаснага інтэрнэту яна проста не можа быць геаграфічным паняццем, калі, канешне, вы не жывяце ў якой-небудзь закінутай пустэльні. Але якіх фільмаў няма ў нашым пракаце вы самі бачыце, а якіх музыкаў не хапае на радыё – самі чуеце. Вось потым толькі і тлумач на Гродзенскім форуме, хто такія Kings of Leon.
11 верасня я іду ў «Чырвоную Зорку», каб паглядзець «Разамкнутыя абдымкі» Пэдра Альмадавара. Да сустрэчы на месцы, сябры.