Гарачы заробак
Чым толькі моладзь ні займаецца! Хтосьці кладзе рэйкі, хтосьці асвойвае мастацтва маляра і цеслі, хтосьці раздае ўлёткі і падлучае абанентаў… А мне давялося перабіраць грыбы! Так-так, ёсць такая праца – лісічкі перабіраць. Вядома, мяне папярэджвалі, што на фірме АВС праца нялёгкая, але бачылі б вы маю стараннасць зарабіць грошай… Ды і пераборка грыбоў мне падавалася якімсьці дзіцячым заняткам.
У першы дзень мяне сустрэлі: халодны цэх, трашчанне пэўнай сотні працаўніц і вялізныя паддоны грыбоў атрутна-памяранцавага колеру. Усё разам звяло мае спадзяванні аб лёгкай працы і хуткіх грошах на «нуль». Агульныя распранальні, якія пагражалі крадзяжом асабістай маёмасці і спецвопратка, якая ператварала мяне ў хадзячую торбу прыкладна на 12 гадзін, уводзілі ў поўны ступар! Шторанку я спрабавала знайсці шмат аргументаў, каб падняць сябе і паставіць да сямі гадзін на прыпынак, затым увалачы ў аўтобус і праехаць праз увесь горад, перааодлець прахадную, распранальню і перавярнуць тоны грыбоў-эгаістаў.
Я ныла ў трубку ўсім, каму атрымлівалася датэлефанавацца да мяне падчас працоўнага дня. Дзесяць хвілін перапынку хапляла толькі на пстрычку запальніцы і тушэнне недакурка, таму ўсе ўпарта чакалі абеду, калі можна выкласці смачныя хатнія бутэрброды, раскласціся на сонейку і даць свайму арганізму адчуць, што ён усё ж не ў варожым палоне, а на вольнай працы…
Мне пашанцавала ў тым, што з першага дня знаходжання на гэтым «грыбным месцы» дасведчаныя дзяўчынкі узялі пад апеку маю персону і ўвялі ў тонкасці працы на гэтай цудоўнай вытворчасці. Майстроў жа бянтэжылі мае доўгія і дагледжаныя пазногці, штодзённы макіяж і чыстыя валасы. Але потым усе мы пасябравалі, і мне дазволілі стаяць на вагах (узважванне пустых або поўных кошыкаў), або на ўкладцы – дэкарыраванні кошыкаў з грыбамі. І ўжо ні пазногці, ні валасы не цярпелі…
Пагадзінная аплата працы падганяла ўсіх затрымлівацца як мага пазней, і гадзін у восем вечара нам маглі абвясціць спакойным голасам, што наш заўтрашні працоўны дзень пачнецца з сямі раніцы.
Хутка я зразумела, што працаваць са свежымі грыбамі – рай, у параўнанні з тым пеклам, якое чакала мяне ў суседнім цэху… Тут спецыялізаваліся на пераапрацоўцы звялых грыбоў – засолцы! Канвеер з карычневымі і слізкімі лісічкамі рухаўся манатонна і шумна. Ад паху і руху пачынала каламуціць, а пяцьдзесят хвілін доўжыліся як тры бесперапынных гадзіны… Вось тады я і захацела ў свой цэх да сваіх сябровак, да свежых, жоўтых і цвердых грыбоў.
Чым хутчэй набліжаўся канец працоўных будняў, тым хутчэй ляцеў час, і ўсё рэальней маляваўся перад вачыма жаданы заробак. Сама не чакала, што напрацую 147 гадзін за два тыдні! А калі правяла некаторыя матэматычныя вылічэнні і зразумела, што зарабіла каля паўмільёна, узрадавалася. І села чакаць грошай. У «абяцаны» дзень я іх не атрымала. Думкі аб тым, што «раз не атрымала, таму і не страціла» дапамаглі дачакацца разліку…