Гродзенская плошча 2006 года. Частка ІІ. 18 красавіка, скокі пад бульдозер і як усё вырашыла “тэлефоннае права”

|

Гродзенская плошча 2006 года. Частка І. Першыя ластаўкі “рэканструкцыі”

 

Такім чынам, толькі што, у пятніцу 14 красавіка 2006 г., у Гродна прыязджала супрацоўніца Міністэрства культуры і напісала для гродзенскіх чыноўнікаў сур’ёзнае папярэджанне. Здаецца, можна было б супакоіцца прынамсі на нейкі час. Але літаральна ў панядзелак 17 красавіка гродзенцы па сваіх унутраных каналах даведаліся, што працы не толькі не будуць прыпыненыя, але будуць актыўна працягвацца.

 

На наступны дзень запланавана было выкопванне выхаду з падземнага перахода на Савецкай плошчы ў бок крамы “Баторыя”, акурат там, дзе знаходзіліся ў зямлі падмуркі згарэлага ў 1941 г. палаца Радзівілаў. Праекціроўшчыкі яшчэ летам 2005 г. збіраліся іх “музеефікаваць”, а цяпер у адзін голас гаварылі, што ніякіх памуркаў там няма.

 

 

На дапамогу гродзенцам прыйшлі студэнты студэнцкага навукова-даследчага таварыства “Этна”, якое дзейнічала пры ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Слова старшыні “Этны” Паўлу Каралёву:

 

“Праз адзін-два дні высвятляецца, што працы па рэканструкцыі адбудуцца 18 красавіка, акурат на Міжнародны дзень помнікаў і мясцін. Чамусьці ў нас у краіне менавіта на гэты дзень (не першы ўжо раз!) прызначаецца знос таго ці іншага аб’екта. 18 красавіка не раз прыходзілася сустракаць “на барыкадах”.

 

Вечарам тэрмінова абтэлефаноўваем сяброў таварыства, запытваемся, хто зможа паехаць у Гародню. Як вынік, пяць чалавек могуць паехаць дапамагчы гарадзенцам. Не будзем хаваць прозвішчы герояў: Іван Дашкоў (на той час студэнт-кераміст БДУ культуры і мастацтваў), Надзея Пабірушка (сакратар таварыства, на той час студэнтка Лінгвістычнага ўніверсітэта), Кацярына Зінавец (студэнтка БДУ культуры і мастацтваў), Вольга Чайчыц (студэнтка Педагагічнага ўніверсітэта), Павел Конан (студэнт БДУІР)”.

 

Сам Павел Каралёў застаўся ў Мінску, паколькі трэба было здабыць нейкае афіцыйнае вызваленне для студэнтаў ад вучобы. Легенда была такая – этнаўцы прыехалі вывучаць падмуркі палаца Радзівілаў, якія вось-вось павінны разбурыць. Адпаведны ліст падпісаў хлопцам і дзяўчатам тады вядомы даследчык Вячаслаў Калацэй, на той час дэкан аднаго з факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

 

Этнаўцы прыехалі ў Гродна аўтастопам і тут да іх далучыўся гродзенец Валера Руселік. Ён згадваў, што ішоў на Савецкую плошчу, узяўшы з сабою пашпарт і зубную шчотку, бо думаў, што з раскопа адразу можа трапіць на суткі.

 

Калі экскаватар пачаў капаць глебу там, дзе павінен быў знаходзіцца падмурак палаца, моладзь замерла ў нерашучасці. Ніхто не чакаў такой нахабнасці, калі людзей проста хацелі паставіць перад фактам.

 

 

Першы скочыў у яму Валера Руселік і крычучы “На…й! На…й!” да паўсмерці спужаў экскаватаршчыка, які заглушыў матор і ўцёк з машыны. За Руселікам у яму скочылі Воля Чайчыц і іншыя этнаўцы. Праз нейкі час на плошчы з’явіўся Ігар Лапеха, які таксама далучыўся да стыхійных раскопак падмуркаў палаца.

 

 

Павел Каралёў кажа, што пра той дзень цікава распавядае сябар таварыства Іван Дашкоў:

 

“Пакуль этнаўцы былі на плошчы, я пайшоў у гарадзенскую адміністрацыю, дзе размаўляў з галоўным архітэктарам праекта. Але бачна, што той не ведаў, што рабіць, і ў рэшце скіраваў да кіраўніка “Гроднаграмадзянпраекта”. У прыёмнай чуў, што па адміністрацыі ўжо папаўзлі чуткі пра з’яўленне на будаўнічым аб’екце маладых людзей і развагі выклікаць на іх міліцыю”.

 

Івану ўдалося сустрэцца з Уладзімірам Дзяшко, які ў той час узначальваў “Гроднаграмадзянпраект”.

 

Адбыўся наступны дыялог:

 

У.Д.: – Ты адкуль?

І.Д.: – Што значыць адкуль? Дзед з Палесся?

У.Д.: – З якога Палесся?

І.Д.: – Лоеўскага.

У.Д.: – Што гэта за Палессе? Вось Брэсцкае Палессе…

І.Д.: – Наша Палессе яшчэ вашаму не саступіць…

У.Д.: – Дзе вучышся?

І.Д.: – Універсітэт культуры і мастацтваў.

У.Д.: – А чаму не на занятках?

І.Д.: – Як жа быць на занятках, калі вы тут культуру руйнуеце…

У.Д.: – Што канкрэтна не задавальняе, у чым пытанне?

І.Д.: – Вы зараз будзеце разбураць падмуркі палаца Радзівілаў.

У.Д.: – Не можа быць…

І.Д.: – Тады нясіце планы.

У.Д.: – Што ты разумееш у планах?

І.Д.: – Я з гадавалага ўзроста з планамі (адзначым, што бацькі Івана архітэктары).

 

Пасля размовы і зверкі планаў Дзяшко адзначыў: “Ладна, вечарам заедзем на аб’ект”.

 

Але факт ужо адбыўся. Маладзёны такі дакапаліся да падмуркаў палаца Радзівілаў і чыноўнікі на чале з Уладзімірам Дзяшко, якія сцягнуліся на плошчу, тут жа, проста на плане перамалявалі выхад з падземнага перахода ў другі бок. Так яго і дабудавалі – у выглядзе літары Z. Няўжо раней гэта не магчыма было прадугледзець? Тым больш, што яшчэ ўзімку 2006 г. гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Ігар Лапеха гаварылі аб тым, што ў выпадку запланавай пабудовы падземнага перахода падмуркі палаца Радзівілаў будуць панішчаны.

 


 

Перамога з захаваннем падмуркаў палаца Радзвілаў была важнай, але, на жаль, адзінай. Вельмі хутка на плошчы без усялякіх археалагічных раскопак была выкапана велізарная яма пад фантан, а спробы прыцягнуць да адказнасці вінаватых у катастрофе на Савецкай плошчы выніку не далі.

 

Прадстаўнікі ўладаў адпісваліся, што фармальна дазвол на археалагічны нагляд атрыманы 4 мая 2006 года. Быццам гэта магло нечым дамагачы выратаваць знішчаныя археалагічныя пласты.

 


 

Асобная старонка гродзенскай рэканструкцыі 2005-2006 гг. – перапіска і сустрэчы сяброў “Этны” з супрацоўнікамі Беларускага навукова-даследчага інстытута Горадабудаўніцтва. Гэтая ўстанова з’яўляецца афіцыйным распрацоўшчыкам генеральных планаў гарадоў Беларусі. Такі генплан Гродна на пачатак 2006 года ўжо быў падпісаны прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

 

Этнаўцы неаднаразова звярталіся ў БелНДІ Горадабудаўніцтва з просьбай даць ацэнку сітуацыі ў Гродне на прадмет адпаведнасці рэканструкцыі Савецкай плошчы з Генпланам, які з’яўляецца абавязковым да выканання дакументам. Ніжэй падаецца адказ інстытута ад 9 жніўня 2006 г. за подпісам намесніка дырэктара Смірновай, дзе сцвярджаецца, што работы на Савецкай плошчы ў Гродне не адпавядаюць генеральнаму плану.

 


 

У іншых абставінах такі дакумент быў бы падставай для сур’ёзнай юрыдычнай праверкі, але тады справа вырашалася тэлефонным правам. Уладзімір Саўчанка званіў міністру архітэктуры, а той “даваў наганяй” супрацоўнікам БелНДІ Горадабудаўніцтва за “няправільныя адказы” этнаўцам. Архітэктары з Мінску пасля толькі разводзілі рукамі.

 

Трэба сказаць, што і рэканструкцыя Савецкай плошчы і наваколля была здзейснена далёка не цалкам. Па-першае, у Гродне так і не з’явіўся чацвёрты аўтамабільны мост, пра які яшчэ ў 2005 г. расказваў журналістцы Інзе Астраўцовай архітэктар Грамадзянпраекта Рышард Кацынэль.

 

Літаральна праз год улады ўзялі на ўзбраенне канцэпцыю першаснай рэканструкцыі Старога моста, на многія дзесяцігоддзі замацаваўшы гэтым у цэнтры горада вялікія транспартныя плыні.

 

Па-другое, так і не былі “музеефікаваныя” падмуркі палаца Радзівілаў і тым больш за дзесяць прамінулых гадоў на плошчы так і не быў адноўлены ніводзін са старажытных будынкаў. Таксама не з’явіўся падземны пераход ад крамы “Цэнтральная” (цяпер “Дабраном”) да кнігарні “Раніца” і не быў прыбраны з плошчы танк, што абяцаў зрабіць тагачасны старшыня гарвыканкама Антоненка.

 

Кіраўнік Гроднаграмадзянпраекта Уладзімір Дзяшко і археолаг Генадзь Семянчук

 

Якіх грошай усе гэтыя рэканструкцыі каштавалі гораду і вобласці толкам ніхто адказу не даў. Прызначаны на пасаду ў маі 2010 г. старшыня гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра на сваёй першай прэс-канферэнцыі сказаў, што за апошнія гады Гродзенская вобласць аказалася павінна крэдытным структурам больш за палову свайго бюджэту. Думаецца, немалая частка гэтых грошай трацілася акурат на вытворчасць знакамітай пліткі ды яе ўкладанне. Адказ на гэтае пытанне мог бы даць толькі сам былы старшыня гродзенскага аблвыканкама Уладзмір Саўчанка, які ў 2009 г. знік з гродзенскага гарызонта і ў 2011 г. аб’явіўся на сціплай пасадзе кіраўніка агракамбіната ў Мінскай вобласці.

 

Самае кепскае, што вялікія грошы пайшлі не на рэальную адбудову страчаных помнікаў архітэктуры Гродна (Фара Вітаўта, палац Радзвілаў, ратуша) і не на выратаванне існуючых аб’ектаў (Стары і Новы замкі, сінагога, дзясяткі будынкаў па горадзе), а на плітку, бетон, бардзюры ды асфальт.

 

У ахвяру рэканструкцыі былі прынесены таксама і сотні дрэваў, якія былі на плошчы. Як напісаў пасля Пётр Путро ў “Савецкай Беларусі”:

 

“В августе [2006 г.] коллегия Министерства природных ресурсов и охраны окружающей среды наказала недавно назначенного председателя облкомитета [па прыродных рэсурсах] Виктора Вильчика за необоснованную вырубку деревьев при реконструкции Советской площади. Только вот незадача: он к этому никакого отношения не имел — экологическая экспертиза и все согласования проводились при предыдущем руководителе ведомства”.

 

 

Выратаваныя неабыякавымі гродзенцамі цікавыя прадметы мінулага захоўваюцца галоўным чынам у школьных музеях.

 

Асабліва крыўдна, што акурат у 2006 г. у Кракаве пачаў рэалізоўвацца праект музеефікацыі падзямелляў рынкавай плошчы, якая з’яўляецца аналагам нашай Савецкай плошчы. Сёння пад кракаўскімі сукенніцамі (старадаўнімі гандлёвымі шэрагамі) знаходзіцца цудоўны музей. Абяццанні музеефікацыі старых падмуркаў на Савецкай плошчы засталіся толькі абяцанкамі і праз дзесяць гадоў.

 

***

 

Пра 18 красавіка 2006 года ўзгадвае Юра Седзянеўскі, які тады за адну ноч падрыхтаваў для намесніцы міністра культуры папку з матэрыяламі пра знішчэнні культурнага слою ў Гродне. Яго разважанне падалося рэдакцыі “Твайго стылю” самым адпаведным заканчэннем гэтай гісторыі.

 

У мяне тыя часы асацыююцца з нейкай дзейнасцю без мэтаў. Ты рабіў, бо табе падкідвалі, цябе прасілі, ты штосьці бачыў у гэтым цікавае. Фактычна, на адрэналіне ішоў. Недзе ўнутры ты адчуваў, што гэта табе важна, але не гэтак прадумана, як ты робіш нейкія рэчы зараз.

 

Зараз пачынаеш інакш разумець, як трэба працаваць. Таму ўсё тое ў думках часцяком згадваецца: маўляў, столькі часу было змарнавана! Варта было пацікавіцца рознымі метадамі, дзейнічаць больш арганізавана, падумаць, хто на што рэальна ўплывае. Дый папросту задаць элементарнае пытанне: а чаго ўлады баяцца?

 

Зараз разумею, што ў чыноўнікаў вельмі мала нечаканасцяў і яны здольныя шмат чаго згенераваць. Праз год яны зразумелі, што трэба вешаць па ўсім горадзе плакаты „Гродна – горад-музей”, ну і далей рабіць свае справы – валіць усё, што толькі магчыма. Гуляць у гэткую гульню, як гэта робяць нашыя ўлады: словы – гэта адно, а на справе – зусім іншае.

 

Што варта рабіць, каб ва ўладаў нешта змянілася? Трэба ставіць іх у рамкі, навязваць ім стандарты, каб яны і трошку баяліся, і трошку самі пачалі разумець. Я разумею, што самыя чыноўнікі проста неадукаваныя і праз гэтыя інфармацыйныя нагоды яны таксама адукоўваюцца. Калі ў цябе няма магутных сувязяў у „Гроднаграмадзянпраекце”, то ў цябе застаецца вось гэтая адукацыйная рэч. І гэта можа быць нават важнейшае за тыя ўратаваныя паўсцяны.

 

Калі ты хочаш проста недзе паскакаць – гэта можна зразумець: адрэналінчык, гэта прыемна. А калі хочаш нешта больш грунтоўнае, то трэба сесці і падумаць, што рабіць, як выкарыстаць новыя тэхналогіі. Цяпер я разумею, што вынік будзе тады, калі педантычна, акуратна і вельмі доўга ды слушна працуеш”.