Фэст экскурсаводаў 2016: Сто гарадзенцаў прыйшлі паглядзець на рэшткі крапасных бастыёнаў

|

У Новым Часе замак быў не ў стане схаваць усіх месцічаў на час небяспекі, ды і горад пашырыўся і пабагацеў – з’явілася дарагая нерухомасць: палацы, кляштары. Паўстала неабходнасць колавай аховы цэлага горада. І калі з поўдня і з захаду натуральнай перашкодай былі стромыя берагі Нёмана і Гарадніцы, дык з поўначы і з усходу натуральнага рэльефу не хапала для паспяховай абароны. Быў узведзены шэраг рэдутаў, між імі лінія земляных бруствераў з ірвамі, месцамі ў сістэму былі залучаныя каменныя пабудовы.

 

 

Гарадзенскія гісторыкі Мечыслаў Супрон і Андрэй Чарнякевіч пачалі вандроўку са Старога Замку, які ў час вайсковых падзей Паўночнай вайны не выконваў асноўнай абарончай функцыі, а быў хутчэй складам правіянту. Так ці іначай, гэтая акалічнасць не выратавала замак – пасля вайны ён прыйшоў у поўную руіну.

 

 

Рэальнымі сведчаннямі крэпасных канструкцый Паўночнай вайны на сённяшні дзень з’яўляюцца рэшткі бастыёнаў на наднёманскіх пагорках на ўсходзе горада – сёння там старыя Фарныя могілкі (Аб гэтым абяцае 24 красавіка распавесці Андрэй Вашкевіч у чарговай экскурсіі ў межах фэсту).

 

“Фэст экскурсаводаў 2016”: якія экскурсіі чакаюць у выходныя ў Гродне і вобласці

 

Экскурсія накіравалася на вуліцу Паўлоўскага, дзе і зараз можна назіраць бастыённы вал часоў трынаццацігадовай вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй. На гэтым адмежку сістэмы абароны ўмацаванні яшчэ доўгі час захоўваліся і нагадвалі аб тым ваенным ліхалецці. Ды і сама вуліца Паўлоўскага да Другой святовай вайны менавалася Падвальнай – “Пад валамі”.