Дзе паснедаць у Гродне? Вывучаем ранішнія прапановы кавярняў горада
Кафетэрый у гандлёвым доме “Баторыя”
Адрас: вул. Стэфана Баторыя, 10. Працуе з 8.00.
Побач з традыцыйнымі для кафетэрыя пірожнымі тут можна знайсці бутэрброды, салаты і піражкі. Прысесці можна за столікам у зале.
Цэны цешаць – піражок каштуе ад 3500 беларускіх рублёў. Выбар вялікі: з мясам, рысам, бульбай ці яйкам. Можна папрасіць, каб яго падагрэлі ў мікрахвалёўцы.
Тут не вельмі шырокі выбар кавы, але кампенсуюць гэты разнастайныя торты і пірагі.
Гастрабар “Вердэн”
Адрас: Маставая, 31. Працуе з 8.00.
Новая ўстанова “Вердэн” не сыходзіць з вуснаў гарадзенцаў. Адна з фішак месца – ранні час працы.
Мы пакаштавалі бананавыя панкейкі з мёдам і шакаладным соўсам за 25 тыс. (на фота пад загалоўкам) і амлет з мацарэлай, базілікам і таматамі за 35 тыс. Выглядаюць стравы смачна, а смакуюць яшчэ лепш!
Сняданак у “Вердэне” абыдзецца ў 50-70 тыс.: аўсянка каштуе каля 25 тыс, іншыя стравы – ад 30 да 40 тыс., капучына – 25 тыс. рублёў.
“Раскоша 1795”
Адрас: вуліца Савецкая, 5. Працуе з 9.00, сняданкі да 13.00
Сняданкам у гэтай кавярні таксама прысвечана асобнае меню. У ім – вялікі выбар каш, амлетаў, тосты і яечня. Цана кашы – каля 30 тыс., за амлет трэба будзе заплаціць ад 30 да 60 тыс.
Рэстаран “Нёман”
Адрас: вул. Стэфана Баторыя, 8. Сняданкі з 7.00 до 10.00.
У рэстаране два меню – для гасцей гасцініцы і людзей, якія прыходзяць паснедаць з горада, хаця другіх не так шмат – 1-3 чалавекі ў дзень. У меню амлеты (ад 17 тыс.), да якіх можна выбраць начынкі, салодкія блінчыкі (ад 12 тысяч), тосты (21 тыс.).
Гасцініца “Семашко”
Адрас: вул. Антонава, 10. Сняданкі з 7.00 да 10.00 у буднія і з 8.00 да 11.00 у выходныя.
Па словах адміністратара і афіцыянта, звычайна тут снедаюць госці гасцініцы, але здараецца, што заходзяць і людзі з вуліцы. На сняданкі рэстаран рыхтуе шведскі стол – еш, колькі і што хочаш.
Меню кожны дзень абнаўляецца, каб сталым госцям не надакучыла аднастайнасць. Заўсёды прапануецца чатыры гарачыя стравы, а таксама свежыя садавіна і гародніна, сыр і вяндліны, аўсяныя шматкі, ёгурт. Цана сняданка – 100 тыс.
Кафетэрый ў краме “Ратушны”
Адрас: вул. Савецкая, 1
Кафетэрый у “Ратушным” працуе з 9.00, але піражкі прывозяць толькі з 10.00. Да таго часу тут можна выпіць каву ці гарбату і набыць гамбургер ці хот-дог.
Кавярня “Кофемания”
Адрас: вул. Савецкая, 25. Працуе з 9.00
У гэтай кавярні няма спецыяльнага меню для сняданкаў, але асартымент падыходзіць, каб паесці з раніцы, асабліва для тым, хто любіць пачынаць дзень з салодкага. Па словах афіцыянткі, людзі вельмі часта выбіраюць блінчыкі. Іх цана пачынаецца ад 50 тыс., кава – ад 25 тыс. У меню знойдзем таксама пірожныя на любы смак.
Кафэ “Ля Старога Млына”
Адрас: вул. Ціміразева, 25. Працуе з 8.00.
Гэтае каларытнае месца знаходзіцца насупраць чыгуначнага вакзала і не кідаецца ў вочы. Мясцовыя аднак добра ведаюць, што тут можна з’есці смачныя чэбурэкі ці аладкі.
Ежу гатуюць на месцы, падаюць цёплай і румянай. Месца пазіцыянуе сябе як кафэ хуткага абслугоўвання, таму на месцы гатуецца не шмат. Салаты, напрыклад, ёсць толькі затовыя і запакаваныя.
Вялікі плюс установы ў тым, што яна працуе з 8.00. Тым, хто тут яшчэ не быў, раім наведаць кафэ бліжэйшым часам, бо супрацоўніцы паведамілі, што яго плануюць закрыць у сувязі з планамі забудовы горада.
“Калабкі”
Адрасы ў цэнтры: Акадэмічная, 8, Савецкая, 7, Віленская, 1, Ажэшкі, 16 (парк Жылібера)
Кафэ хуткага харчавання “Калабкі” размешчаны ў шматлікіх месцах горада, не толькі ў цэнтры. Яны пачынаюць працу ў розны час, напрыклад ля моладзевага цэнтра “Гродна” “Калабкі” адчыняюцца ў 8.00, а ў парку Жылібера працуюць круглыя суткі. Самая распаўсюджаная ранішняя страва, па словах афіцыянткі, гэта твістэр.
У “Калабках” таксама вялікі выбар блінчыкаў: салодкіх, салёных ці вострых, з мясам ці без, з рознымі соўсамі. Цэны бліноў– ад 20 да 40 тыс, салаты каштуюць ад 8300. У меню ёсць таксама кава і гарбата, з дэсертаў – кексікі.
Ведаеце яшчэ месца, дзе можна паснедаць да 10.00? Пішыце ў каментарыях і мы дадамо яго ў наш агляд!