Рэгістрацыя на ЦТ у Беларусі пачалася 2 мая

|

Як і ў мінулым годзе, абітурыент зможа прыйсці ў пункт рэгістрацыі ў адным горадзе, але аформіцца для здачы ЦТ у іншых гарадах. Абітурыента на ЦТ можа зарэгістраваць блізкі сваяк, якому пры сабе трэба мець натарыяльна завераную даверанасць і ксеракопію пашпарта. Такія ж дакументы спатрэбяцца для атрымання дакументаў па выніках ЦТ.

 

Час работы пунктаў рэгістрацыі – з 9.00 да 19.00 (у суботнія (14 і 28 мая) і нядзельныя дні (22 мая) – з 9.00 да 18.00). Інфармацыя аб пунктах рэгістрацыі прадстаўлена ў раздзеле “Абітурыенту. Паступаючым у ВНУ. Прыём-2016” на партале Міністэрства адукацыі або ў раздзеле “Пункты рэгістрацыі” на сайце РІКВа.

 

Нагадаем, што пры рэгістрацыі абітурыент падае заяву на свой выбар на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь (запаўняецца ў пункце рэгістрацыі сумесна з работнікам пункта рэгістрацыі). Паступаючы павінен прадаставіць дакумент, што засведчвае асобу (пашпарт, пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца), або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, што засведчвае асобу.

 

Пасля падачы заявы абітурыент атрымлівае ў работніка пункта рэгістрацыі асабісты рахунак і ажыццяўляе аплату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні.

 

Упершыню ў бягучым годзе аплата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу абітурыентаў у ЦТ будзе праводзіцца з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП) у памеры 0,1 базавай велічыні (Br21 тыс.) за адзін вучэбны прадмет.

 

Пасля заканчэння рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ абітурыент атрымлівае пропуск. Пропуск лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячаць установы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар.

 

Нагадаем, што іспыты пройдуць з 13 па 27 чэрвеня. 13 чэрвеня – беларуская мова, 14 чэрвеня – руская мова, 16 чэрвеня – грамадазнаўства, 18 чэрвеня – біялогія, 19 чэрвеня – матэматыка, 21 чэрвеня – гісторыя Беларусі, 23 чэрвеня – хімія, 24 чэрвеня – фізіка, 25 чэрвеня – замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), 27 чэрвеня – сусветная гісторыя (навейшы час), геаграфія. Пачынацца ЦТ будзе ў 11.00. Рэзервовы дзень праходжання ЦТ – 5 ліпеня. ЦТ па ўсіх вучэбных прадметах у рэзервовы дзень будзе праходзіць у БДУ. Тэрміны рэгістрацыі ў рэзервовы дзень: 28 чэрвеня – 1 ліпеня.

 

Так званае ніжняе парогавае значэнне адзнак ЦТ-2016 па беларускай або рускай мове для абітурыентаў складзе ад 0 да 9 балаў, выключаючы некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, дзе яно знаходзіцца ў дыяпазоне ад 0 да 19 балаў (уключна). У 2016 годзе нездавальняючымі адзнакамі ўстаноўлены: па першым прадмеце профільнага іспыту – матэматыка, фізіка, хімія, біялогія – ад 0 да 14 балаў (уключна); гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) – ад 0 да 19 (уключна); па другім прадмеце профільнага іспыту – матэматыка, фізіка, хімія, біялогія – 0 да 9 (уключна); гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) – ад 0 да 14 (уключна).

 

Ніжнія парогавыя значэнні адзнак ЦТ у ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў ВНУ па групах спецыяльнасцей “вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства”, “жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства”, “сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый”, “меліярацыя і водная гаспадарка”, “аграінжынерыя”, у МУС (толькі на месцы дадатковага набору) па такіх прадметах, як беларуская мова, руская мова, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), – устаноўлены ад 0 да 4 балаў (уключна).