Інтэрактыўная рэканструкцыя падзеяў верасня 1939 г.
Удзел у аднаўленні падзеяў 1939 г., калі Гродна апынулася ў віхуры Другой сусветнай вайны, можа ўзяць любы ахвотны.
Госці імпрэзы ўбачаць таксама прэзентацыю ўнікальных фота з гісторыі міжваеннай Гародні, музычна-вершаванае прадстаўленне “Сага пра Гародню” па матывах гарадзенскай лірыкі першай паловы ХХ ст.
Аматарам гісторыі будзе цікава наведаць “круглы стол”, удзел у якім возьмуць беларускія і польскія гісторыкі і публіцысты.
У час дыскусіі яны яшчэ раз паспрабуюць асэнсаваць такія важныя пытанні, як месца вераснёўскіх падзеяў 1939 г. у беларускай гісторыі і гісторыі Другой Сусветнай вайны, ці гэта было вызваленне Заходняй Беларусі альбо яе акупацыя і г.д.
Свае даследаванні і погляд на падзеі 70-і гадовай даўніны ў Беларусі прадставяць гарадзенскія навукоўцы і даследчыкі Алесь Смалянчук (“Камуністычныя рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі. Верасень 1939-чэрвень 1941 гг.”), Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч (“Гародня і гарадзенцы ў вераснёўскіх падзеях 1939 года”), Андрэй Пачобут (“Абарона Гародні ў верасні 1939 года”) і іншыя знаўцы гісторыі.
Мерапрыемства пачнецца ў 18.30 па адрасе: вул. Будзёнага 48а, памяшканне ТАА “Палоніка” (зала ў дворыку будынка).
На здымку: Савецкіх салдат многія беларускія сяляне сустракалі ў 1939 г. з надзеяй на вызваленне, якога, аднак, так і не дачакаліся…