На БелАЭС назвалі чуткі пра абрушэнне бетоннай канструкцыі “поўнай лухтой”
“На пляцоўцы паміж двума рэактарамі павінен узнікнуць будынак ядзернага абслугоўвання, пад які цяпер заліваюць падмурак. З-за спешкі, па загаду кіраўніцтва, працоўныя залілі занадта шмат бетону, канструкцыя не вытрымала, і абрынуліся стойкі. Больш за 20 работнікаў ноччу выклікалі на аб’ект. Яны два дні адбойнымі малаткамі разбівалі 50 кубоў бетону”, – цытуе “Белсат” працоўнага адной з пінскіх арганізацый, якая прымае ўдзел у будаўніцтве.
Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд адмаўляе, што адбывалася нешта падобнае:
– Лухта поўная, абсалютная! Я не ведаю, што там за фатаграфіі і адкуль яны, па іх нічога не відаць. Паміж двума энергаблокамі, як там напісана, няма ніякага будынка ядзернага абслугоўвання. Ёсць комплекс будынкаў, які адносіцца да энергаблока №1, ёсць комплекс будынкаў, які адносіцца да энергаблока №2.
Кажуць, што ў сярэдзіне красавіка нешта абрынулася, але мы там былі разам з журналістамі 19 красавіка, сустракалі Юкія Амано (гендырэктар МАГАТЭ – заўвага TUT.BY). Нічога не абрушвалася.
На думку Эдуарда Свірыда, гэта не больш чым качка i распаўсюджванне чутак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Ён нагадаў, што за будаўніцтвам БелАЭС “сочаць дзясяткі інспекцый”.
– Я вам скажу, што працую тут з 2009 года і ўвесь час узнікаюць нейкія чуткі. Тут ужо ў нас і падмурак энергаблока трашчаў, калі яго яшчэ ніхто і не заліваў. Пішуць ўжо, што ў нас і рэактар кудысьці не ўлазіць і што дзевяць загінулых на будаўніцтве. Гэта таксама поўная лухта. Проста камусьці выгадна ствараць менавіта такую атмасферу вакол нашага аб’екта.