Аркестр прыехаў

|

Егіпет калісьці выказаўся моцнай палітычнай воляй і незалежнасцю, ды нармалізаваў адносіны з Ізраілем. Мабыць таму героі фільма – невялікі Егіпецкі аркестр, які згубіўся ў пустэльнях Ізраілю. Запрошаныя на адкрыццё Арабскага Культурнага Цэнтру музыкі не сустрэлі ў аэрапорце нікога, хто б мог адвезці іх на месца, таму вырашылі самі выправіцца ў падарожжа. У выніку героі трапляюць у закінутае габрэйскае мястэчка сярод пяскоў, а на экране адбываецца дзеянне вартае Кустурыцы.

Бэт Хатыква, куды трапляюць музыкі – горад згублены паміж часам і прасторай. Ціхі, амаль бязлюдны, у якім «няма арабскай культуры, няма ізраільскай культуры, няма культуры ўвогуле». І ўвесь фільм такі: неверагодна ціхі (канешне, не параўноўваючы з «Вялікай Цішынёй»), толькі часам граюць спакойныя мелодыі ды чуваць англійскую з характэрным акцэнтам. Складаны спакой, прастату якога сёння не кожны зразумее.

Прыезд аркестру стаўся ўварваннем чужога ў вегетацыю горада. І гэта дае надзею, імпульс самотным жыхарам. Менавіта так, усе героі фільма – людзі самотныя, якія па- рознаму намагаюцца вырашыць гэтую праблему. Але анамалія, якой безумоўна з’яўляецца аркестр, знікае гэтаксама хутка, які і з’яўляецца: музыкі праводзяць у Бэт Хатыква толькі суткі, дакладней ноч. На працягу яе яны граюць, часам размаўляюць, але найбольш маўчаць.

Пасля іх ад’езду застаецца толькі пытанне: а ці быў аркестр? Такая вось дзіўная камедыя пра паліцэйскі аркестр з фінансавымі праблемамі. Do you like Chat Baker?