На гарадзенскай “Ночы ў музеі” слухалі пра Далі, глядзелі Лінча ды танцавалі да поўначы пад гукі трансу

Гасцей на ўваходзе віталі працаўнікі музея, апранутыя згодна з модай сюррэалізму і гатовыя пагадаць усім на картах. Гэта суправаджала музычнае афармленне ад гітарнага праекта may b.

 

 

Асноўная праграма праходзіла ў Сенатарскай зале. Тут прысутныя выслухалі расповед пра сюррэалізм і Далі, а таксама паглядзелі мастацкія выступы. Адбыўся паказ строяў, інспіраваных сюррэалізмам, выступалі група сучаснай харэаграфіі “ТАД” і каманда творчай прасторы ДОМ46. У музычнай частцы праграмы выступіла маладая скрыпачка Дар’я Мартысевіч і камерны хор Гродзенскай капелы.

 

 

 

Прыхільнікі больш свабоднага баўлення часу знайшлі сабе месца на другім паверсе замку, дзе можна было пагуляць у настольныя гульні з камандай крамы-клуба “Кубік”, а таксама сесці камфортна на падушках і паглядзець кіно. Паказвалі, між іншым, фрагменты “Дзікіх сэрцам” Дэвіда Лінча і відэа групы Queen.

 

Падаконнікі музея запоўніліся паштоўкамі з сюррэалістычнымі карцінамі. Тут таксама можна было зрабіць фота з чырвонамі губамі ці вусамі. Папулярнай атракцыяй аказаўся таксама замкавы балкон, з якога можна было паглядзець захад сонца над Старым замкам і Нёманам.

 

 

У гэты дзень музей адкрыў усе свае залы з выстаўкамі – як сталымі, так і часовымі, чым ахвотна карысталіся госці мерапрыемства. У адным з залаў сваю інсталяцыю з нагоды ночы музеяў выставіў мастак Эміль Занько.

 

На гасцей музея чакаў таксама канцэрт гродзенскіх музыкантаў .K і Андрэя Кірэя, а пасля – дыскатэка ў стылі транс.

 

 

Ноч музеяў – сусветная акцыя, мэта якой – стварыць магчымасць доступу ў галерэі, музеі ці іншыя месцы, у якія не так лёгка патрапіць шырокай публіцы. У гэты дзень ва ўсім свеце ў музеях праходзяць культурныя мерапрыемствы, увечары ўваход у музеі вольны. Першая ноч музея адбылася ў Берліне ў 1997 г.

 

Ноч музеяў у Гродне сёлета цягнецца два дні – увечары 21 мая гарадзенцаў чакаюць Музей гісторыі рэлігіі, Музей турмы, Музей пажарнай службы і канцэрт у Фарным касцёле. Праграму можна пачытаць тут.

 


 

Фота: Ян Лялевіч