Дзе прызямліўся Хрыстос: да эстэтыкі Гародні і Горадні

|

Многія беларускія гарады маюць зараз розныя варыянты вымаўлення і напісання. Але калі для беларускамоўных носьбітаў няма ніякага сумневу ў варыянтах, прыкладам, Менск, Мёры ці Полацак, то гораду над Нёманам, які афіцыйна называецца сёння Гродна, сапраўды не пашанцавала. За апошнія сто пяцьдзесят гадоў у асяродках беларускамоўных людзей ён меў хіба шэсць-сем варыянтаў назову (Гарадзен, Гарадзень, Гродня, Гародня, Горадна, Горадня). Аднак, да нашых дзён дажылі і актыўна ўкараняюцца толькі два – “Гародня” і “Горадня”. Прычым прыхільнікі гэтых варыянтаў знаходзяцца ў стане “непрымірымых” апанентаў.

 

Варыянт “Горадня” папулярны сярод менчукоў, яго настойліва культывуюць незалежнае тэлебачанне Белсат і Радыё Свабода. Форму “Гародня”, якая пераважае ў горадзе над Нёманам у беларускамоўных асяродках, паслядоўна ўкараняюць Беларускае Радыё Рацыя, “Гарадзенская вясна”, выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”, курсы „Мова нанова”, іншыя ініцыятывы.

 

Гэтае спрэчнае пытанне наймення гораду можна разглядаць у розных плоскасцях: гістарычнай, мовазнаўчай, эстэтычнай, практычнай. Што да гісторыкаў, то найбольш грунтоўная праца на гэты конт – даследаванне гарадзенскага знаўцы, доктара навук Юры Гардзеева (Гардзееў Юры. Тапанімія старажытнай Гародні (ХІІ-ХVІІІ стст.). Гародня. 2013).

 

З мовазнаўцаў ніхто дагэтуль не напісаў больш грунтоўнага артыкулу, чым Юры Пацюпа. Цікаўных адсылаю да згаданага матэрыялу.

 

Але пакінем зараз у баку гісторыкаў і мовазнаўцаў, паміж якімі няма згоды і адзінства ў гэтай праблеме і звернемся толькі да эстэтычнага боку пытання. Аўтар гэтага артыкулу пастараўся максімальна „пералапаціць” мастацкія творы ў назвах якіх і ў самых тэкстах згадваецца назва гораду. І вось што атрымалася ў выніку такога пошуку і параўнання ўжытку “Гародні” і “Горадні”:

 

Максім Багдановіч: “І жалобна, сумна трубы ў Гародні граюць”.

Янка Купала: “Трубы ў Гародні смутна запелі”.

Уладзімір Караткевіч: “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Апанас Цыхун: “І чуе, як трубы Гародні гудуць”, “Над Гародняй праходзяць стагоддзі”.

Данута Бічэль-Загнетава: “Гародня”, “Максімаў домік у Гародні”, “Маленькі хлопчык, будучы паэт, з Гародні едзе ў няблізкі свет”, “Добра нам з Бонкай гуляць па старажытнай Гародні”, “Толькі патопу баяцца не трэба – вельмі высока ў Гародні масты”.

Кастусь Цвірка: “Ад Драгічына да Гародні пашукайце нашы сляды”.

Уладзімір Шурпа: “Як вярнуся ў Гародню я…”.

Аляксандр Раманаў (друкаваўся пад чужым прозвішчам – Юры Кісялеўскі): З вершу “Гародня: “Палюбіў гэты горад увесь, да апошняе рыскі. І калі застаюся з Гародняй адзін на адзін…”. Кампазітар Аляксандр Чопчыц стварыў на гэты верш песню.

Уладзімір Някляеў: “Трое з Менску, з Бярэсьця, з Гародні…”. Верш стаў ведамай песняй, якую выконвае Зміцер Вайцюшкевіч.

Міхась Скобла: “У гордай гаротнай Гародні”.

Іван Буднік: “Гародня – на векі вякоў”.

Алесь Чобат: “Месца Гародня застаецца вялікай сцэнай…”.

Янка Трацяк: “Пад Гародняй былі шведы, ды Гародня – не Палтава”, “Сніцца Пацюпу горад Гародня”.

Ала Петрушкевіч: “Над Гародняй плыве пяшчота”, “У нашай прамоклай Гародні”.

Віктар Шалкевіч: “У Гародні дождж”. Вельмі папулярная песня барда.

Рычард Бялячыц: “Прымай, Гародня, падарунак”.

Святлана Куль: “Гародня любая”, “…дзыгарнік меў прыбытак у Гародні”, “блукаць па вуліцах Гародні ценем”.

Сяргей Астраўцоў: “…па дарозе не страціла імпэту, прыхавала для Гародні”.

Віктар Сазонаў: “Ноч у Гародні кіне цень”. Верш стаў песняй.

Анатоль Валюк: “Гародня спіць, ноч у тумане тоне”.

Юры Гумянюк: “У Бэтлееме нарадзіцца, у Гародні спачываць”.

Анатоль Брусевіч: “Светлыя вуліцы нашай Гародні старой”, “Белымі вершамі воблакі плывуць над Гародняю”, “Над Гародняй у розных кірунках праплываюць аблокаў карункі”.

Ганна Аўчыннікава: “Няўтульныя хмары вісяць над Гародняй”, “Па Гародні блукае змярканне”.

 

Прыгадаю яшчэ тут рэпрэсаванага ў сталінскі час празаіка Аляксандра Функа, які абраў сабе псеўданім Алесь Гародня. У сваіх лістах Васіль Быкаў пісаў “Гародня”: “Увосень быў у Гародні” (з ліста да Іны Карпюк).

 

Адзін пералік амаль трох дзесяткаў знакамітых і вельмі вядомых аўтараў яскрава сведчыць пра выразны эстэтычны выбар майстроў прыгожага пісьменства. Не думаю, што нехта зможа прыкласці цытатнік на адваротную карысць. Таму што аўтараў вершаваных твораў, якія ўжылі варыянт “Горадня”, можна пералічыць на пальцах адной рукі – такое рэдкае напісанне ўдалося знайсці ў вершах Валянціна Дубатоўкі, Алеся Кіркевіча, аднойчы – у згаданага Івана Будніка (“Сталеў у Горадні Дудар”). Карыстаўся найменнем Горадня выдатны беларускі дзеяч і мовазнавец Вацлаў Ластоўскі (“На Каложы ў Горадні”). Аднак Ластоўскі вельмі мала быў звязаны з горадам над Нёманам і наўрад ці можа тут выступіць аўтарытэтам.

 

Паэт Юрась Пацюпа назваў адзін з сваіх вершаў “Горадна” (1990 год), хоць, як прызнаецца аўтар, першасная назва верша была менавіта “Гародня” і менавіта ёй аддае ён свой не толькі мовазнаўчы, але і эстэтычны прыярытэт.

 

Выснова прыходзіць сама па сабе: паэты і пісьменнікі свой выбар зрабілі даўно, можна сказаць выбар на роўні падсведамасці і адчування мовы. Варыянт “Гародня” абсалютна гарманічны для беларускай мовы, арганічна рыфмуецца, “грае і ззяе” на літаратурным сонцы. Варыянт жа “Горадня” штучны, “цяжкастраўны” і ненатуральны. І каб не настойлівая культывацыя з боку некаторых сталічных філолагаў і гісторыкаў, даўно б выпаў з ужытку.