Жыхары трох дамоў у Гродне заплацілі за тэхабслугоўванне неіснуючых ліфтаў

На калегіі разгледзелі пытанні абгрунтаванасці і правільнасці прымянення арганізацыямі ЖКГ вобласці тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, аказаныя насельніцтву ў 2015 і 2016 годзе, а таксама выканання задач па зніжэнні сабекошту паслуг. Праверка Камітэта дзяржкантролю выявіла, што ЖКГ рэгіёну дапускала шматлікія памылкі пры налічэнні насельніцтву, у тым ліку ў паведамленні па аплаце ўключаўся кошт паслуг, фактычна не аказаных. Напрыклад, за некаторыя ЖКП людзі заплацілі двойчы, а ў Гродне жыхарам трох дамоў, не абсталяваных ліфтамі, налічылі плату за “тэхнічнае абслугоўванне ліфта” і электраэнергію на яго працу. Прычым жыхары здолелі “паслугу” аплаціць. У кошт паслуг таксама ўключалася карыстанне дамафонам, хоць ён у некаторых дамах не ўсталяваны. У Ваўкавыску выяўлены факты перадаплаты насельніцтвам за паслугі па водазабеспячэнню і каналізацыю за люты па тарыфах, якія ўступілі ў сілу пазней.

 

Найбольшая колькасць выкрытых фактаў неабгрунтаванага налічэння тарыфаў адносяцца да студзеня. Прадпрыемствамі ЖКГ вобласці ў студзені было неабгрунтавана налічана 5,5 млрд рублёў, што выяўлена пры правядзенні пераразлікаў у сакавіку. “На дадзены момант памылкі выпраўленыя, неабходныя сумы за студзень пакрыты насельніцтву ў поўным аб’ёме”, – растлумачыў начальнік упраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама Алег Шафранскі.

 

Камітэт дзяржкантролю прад’явіў прэтэнзіі да кіраўніцтва ЖКГ з нагоды недастатковай каардынацыі дзейнасці прадпрыемстваў ЖКГ, асабліва па рэгуляванні тарыфаў на паслугі. У выніку тарыфы арганізацый ЖКГ у розных раёнах вобласці значна адрозніваліся.

 

Па выніках праверак Камітэта дзяржкантролю ў сферы ЖКГ вобласці за 2015 год і першы квартал 2016 года выяўлена завышэнняў сабекошту жыллёва-камунальных паслуг на Br7,9 млрд . Службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, узбуджаны 4 крымінальныя справы.

 

Фота: sputnik.by