На беразе Нёмана каля Замкавай гары паставілі каменную ладдзю

|

– На ўласна разбярскія працы пайшло каля паўтара месяца. Болей забралі розныя ўзгадненні: ад склікання адмысловай камісіі да зацвярджэння эскіза і нават месца ўстаноўкі. Даводзілася колькі раз звяртацца да фондаў музея, дзе знаходзіцца арыгінал фігуркі ХІІ ст., каб магчы ўласным вокам разгледзець дробныя элементы – сама ж ладдзя усяго з 5 см вышынёй, – сказаў аўтар.

 

Скульптура гэта ў значнай ступені павялічаная копія музейнай ладдзі. Дарэчы, спачатку аўтар быў перакананы, што справа на носе фігуркі сядзіць ваяр са шчытом, але, прыгледзеўшыся уважліва, зразумеў – гэта вясло.

 

 

Аўтар ідэі Сяргей Каляда істотна спрычыніўся ў рэалізацыі і прасоўванні праекта:

 

– Спачатку была ідэя ўсталяваць скульптуру на цэнтральным гарадзенскім пляжы паміж чыгуначным і старым мастамі – там, адкуль адплываюць у падарожжа па Нёмане вандроўнікі на байдарках і нават вялікіх варажскіх ладдзях. Скульптура магла бы быць гэткім элементам бласлаўлення вандроўнікаў на добрую дарогу. Але потым вырашылі перанесці бліжэй Старога замка, дзе шахматную ладдзю і знайшлі ў час раскопак, праведзеных Юзафам Ядкоўскім у 1930-х.

 

Сяргей Каляда спадзяецца, што тут ля скульптуры зробяць неўзабаве спуск да вады як працяг лесвіцы кахання. І акурат тут будзе сімвалічная прыстань падарожных.

 

Афіцыйнае адкрыццё скульптуры адбудзецца 5 чэрвеня падчас ХІ фестываля нацыянальных культур.