Маршруты з бескантактавымі тралейбусамі з’явяцца ў Гродне
“Ёсць планы па закупцы як мінімум пяці новых тралейбусаў, так званых бескантактавых, якія могуць на пэўныя адлегласці перамяшчацца на энергіі акумулятараў без “прывязкі” да кантактнай сеткі”, – адзначыў Віктар Шарэйка. Схема працы такая, што транспартны сродак рухаецца як звычайны тралейбус, зараджаючы акумулятары, а там, дзе кантактнай сеткі няма, едзе як электробус.
“Вывучалі вопыт выкарыстання новых тралейбусаў у Расіі. Напрыклад, аналагічны транспарт выкарыстоўваецца ў Туле. Прычым вырабляюцца такія тралейбусы ў Беларусі, на нашым “Белкамунмашы”. Для закупкі новага віду транспарту прадугледжана фінансаванне, знойдзены партнёр, лізінгавая кампанія”, -растлумачыў Віктар Шарэйка. Магчыма, новая тэхніка з’явіцца ў Гродне ўжо да канца года.
Першы маршрут з выкарыстаннем бескантактавага тралейбуса звяжа спальныя раёны Дзевятоўка і Вішнявец. Прычым па вуліцах Кабяка, Індурскай шашы, часткі гродзенскай аб’язной дарогі тралейбусы паедуць на акумулятарах. Падымаць-апускаць штангі яны будуць у аўтаматычным рэжыме. Калі праект зарэкамендуе сябе добра, то электратранспарт без будаўніцтва кантактнай сеткі накіруюць і ў іншыя раёны горада. Магчыма, тралейбусы паедуць у аддалены спальны раён Альшанка, да абласной бальніцы ў лесапарку Пышкі, а таксама да чыгуначнага вакзала.
Сёння ў Гродне кантактнай сеткай пакрыта каля 92 км гарадскіх дарог.