Мастак са Смаргоні Андрэй Рогач: Вера беларусаў – савецкая, бог беларускі – Ленін
Мастацкая і плакатная ленініяна сем дзесяцігоддзяў была абавязковым атрыбутам камуністычнай ідэалогіі, але знікла як з’ява ў выніку параду суверэнітэтаў — пакаленне народжаных па-за часовымі рамкамі СССР не бачыць прычын шанаваць невядомае імя.
Бадай, адзіны мастак у Беларусі, які вяртаецца да гэтай тэмы, — малады эксперыментар Анро (вынік спалучэння першых складоў імя і прозвішча Андрэй Рогач). Яму 28 гадоў, жыве і працуе ў Смаргоні на Гарадзеншчыне.
Пустапарожнія з’езды і працяглыя апладысменты
У 2013-м Анро распачаў серыю “The Lost”, дзе ў якасці зыходнага матэрыялу выкарыстаў партрэты зніклых людзей. Следам пачаў распрацоўваць праект “Face in Shadow” — спроба візуалізацыі вобразаў палітычнай наменклатуры. Летась, калі ў рукі трапіла падшыўка старых часопісаў “Новый мир”, яго старонкі сталі месцам для новага эксперыменту — серыі графічных працаў “New World”, у якіх, удакладняе сам аўтар, вывучаюцца карані шчымлівай настальгіі па “савецкай утопіі”:
Анро. За зялёным сталом
Анро. Партыйны актыў
“Гэта больш зварот да тэмы нашай дадзенасці: мы дагэтуль жывём у савецкім антуражы. Адзінае — што сёння гэта крыху больш завуалявана, чым калісьці. Так, мы ганарова называемся Рэспубліка Беларусь, але сутнасна зусім недалёка адскочылі ад “саўка”. Зноў жа, з Расіяй межаў няма, размаўляем на мове руска-савецкай. Па-сутнасці, новы этап пад пільнай апекай старэйшага “брата” ці “сястры”, як каму бачыцца. У Маскве ж не хаваюць: як толькі ў Беларусі з’явіцца намёк на нейкую рэвалюцыю, то яна хутка стане часткай Расіі. Што, уласна кажучы, адбываецца на ўсходзе Украіны”.
Вобразы невынішчальнай савецкасці ў серыяле “New World” Анро падмацоўвае бюстамі і помнікамі бальшавікоў, партыйнымі нарадамі і пасяджэннямі, адыходамі ў іншы свет і пахавальнымі працэсіямі. Усё тое, без чаго немагчыма ўявіць жыццё і ў сучаснай саветызаванай Беларусі:
Анро. Вечныя “засядацелі”
Анро. Аматары круглых сталоў
“Усё гэта не толькі перайшло ў спадчыну, яно шануецца і набывае новыя формы, — гаворыць суразмоўца. — Напрыклад, у выглядзе пустапарожніх Усебеларускіх народных сходаў, якія праходзяць у поўнай адпаведнасці з колішнімі з’ездамі КПСС. Нейкія законы ад імя народа прымаюцца, а насамрэч ніякага абмеркавання з народам няма. Увогуле не чую, каб за апошнія гады хоць нешта ў палітычным жыцці было супраць, “аднагалосна” і пад “бурныя апладысменты”. А гэта азначае, што працуе, як савецкі партыйны механізм. Яшчэ адно пацверджанне, якая ў нас спадчына”.
Ідалапаклонства эпохі навуковага атэізму
Асобнай лініяй у творчасці Анро праходзіць асэнсаванне ленінскага вобразу, які не толькі без асаблівых узрушэнняў перакачаваў у суверэнную Беларусь, а досыць камфортна сябе пачувае. Мастак задаецца пытаннем: чаму “Рэвалюцыя годнасці” ва Украіне прычынілася да “віруснага” звяржэння камуністычных ідалаў ды так званага “ленінападу”, а тут чужы ва ўсіх сэнсах Ленін працягвае цэментаваць цэнтральныя плошчы гарадоў? Дарэчы, першы Ільіч у калекцыі Андрэя Рогача мае смаргонскую прапіску — той, што стаіць пад вокнамі будынку райвыканкаму:
Анро. Смаргонскі Ленін
Анро. Бюст правадыра
“Ленін — гэта сімвал, які жыве на нашай зямлі да сённяшняга дня. У кожным горадзе галоўная вуліца — ці Леніна, ці ў крайнім выпадку Савецкая. На кожнай цэнтральнай плошчы стаіць хто? Ён самы, Ленін. Людзі з цягам часу да ўсяго гэтага прывыкаюць і не заўважаюць. Але можна з упэўненасцю казаць: гэта своеасаблівы сімвал савецкай веры. Так, мы ведаем, што ў савецкі час панаваў навуковы атэізм, але ён паспяхова замяніўся новымі ідаламі, партыйнымі. Дык вось Ленін для савецкага чалавека быў гэткай жа асобай, як для хрысціяніна Ісус. Але да чаго тое ідалапаклонства давяло — усе мы ведаем”.
Анро. Ідалапаклонства
Навошта малады чалавек узяўся за мала ўдзячную місію — праз мастацтва гаварыць пра тое, у якім гістарычным пэрыядзе затармазіліся ягоныя суайчыннікі? Анро адказвае словамі героя, зноў жа, савецкага кінафільму — “за дзяржаву крыўдна”: “Беларусы — бадай, адзіныя на постсавецкай прасторы, якія найменей змяніліся ў сваёй сутнасці”:
Анро. Кампанія аднадумцаў
“Стаўленне да жыцця тут цалкам савецкае. Тое, што змянілася навокал, — усяго толькі праява масавай культуры: у крамах з’явіўся выбар прадуктаў, у молах — брэндавыя рэчы. Але ўся сістэма планавага кіравання, выбудоўвання чалавечых адносінаў засталася ранейшай. Адчуваецца, што людзі закрытыя адзін да аднаго, баяцца, што нехта на некага “стукане”, даложыць куды трэба. І каб пра гэта гаварыць, трэба задзейнічаць сімвалы, якія ёсць у кожным горадзе і вядомыя кожнаму чалавеку. На жаль, беларусы цяпер у стане, так бы мовіць, не вельмі відушчым. Людзі як у тумане: знаходзяцца на гэтай тэрыторыі, але не заўважаюць уплыў таго, савецкага часу”.
Пастка для дармаедаў: зроблена ў РБ па ліцэнзіі СССР
У якасці яшчэ адной праявы савецкасці Анро называе рэанімацыю сумнеўных метадаў навядзення парадку ў той ці іншай галіне. Напрыклад, жаданне паставіць на ўлік дармаедаў, абклаўшы іх дзяржаўным “аброкам”. У гэты шэраг трапляюць і творчыя асобы — мастакі, літаратары, музыкі, — чыя дзейнасць не пацверджаная профільнымі саюзамі:
“Безумоўна, такая праблема наўпрост ці ўскосна, але закранае і мяне. А ўвогуле гэта дзіўны перажытак, бо, як вядома, з’явілася адмысловая камісія, якая павінна выявіць (!) і зафіксаваць здольнасці мастака. Норма бярэцца за аснову такая: калі мастак з’яўляецца сябрам прафесійнага саюзу, значыць, ён сапраўдны мастак. А калі ты па-за суполкай, то мусіш даказваць сваё права займацца справай. Апрыёры на цябе глядзяць як на другараднага рамесніка — маўляў, што за творца без “корачкі”?
Андрэй Рогач не цешыць сябе спадзяваннямі, што з першай спробы ўдасца атрымаць статус творчага работніка. Як кажа сам, найперш не дадаюць аптымізму гісторыі “забракаваных” калегаў — у прыватнасці, не так даўно прачытаў на Свабодзе пра мінскага мастака Вячаслава Кліменку, які не ўразіў чальцоў камісіі, але атрымаў добрыя водгукі па выніках персанальнай выставы ў адной са сталічных галерэй:
“Не ведаю, як будзе ў маім выпадку, бо апарат толькі пачынае працу, і што прыдумаюць далей — сказаць цяжка. У мяне неўзабаве будуць выставы, можа гэта стане нейкай падставай да прызнання. Але ўвогуле сама пастаноўка пытання, што мастак мусіць нешта даказваць — мякка кажучы, нядобрая. У гэтым ёсць нешта такое, што прыніжае чалавека. Дый увогуле такога паняцця як дармаедства ў цывілізаваным свеце няма. Проста прыдумваецца спосаб выпампоўваньня сродкаў. А права кожнага — жыць так, як лічыць патрэбным”.
На дно: камуністычны “тытанік” і яго баласт
Беларусь разам з Расіяй засталіся адзінымі краінамі ў рэгіёне, якія не хаваюць настальгічных пачуццяў па савецкай мінуўшчыне. Тым цікавей, як кажа мастак Анро, будзе назіраць за звяржэннем ідэалагічных пастаментаў і ўсталяваннем агульназразумелых чалавечых каштоўнасцяў:
Анро. Пахаваньне партыйца
“Мы засталіся з савецкімі сімваламі ва ўсім, і нейкі прасвет пакуль не асабліва і відаць. Таму вельмі цікава, як хутка ўсё гэта рухне, калі настануць глабальныя змены. Бо, як мы бачым на прыкладзе суседніх дзяржаваў, калі савецкая ўлада сапраўды сыходзіць, то разам з ёй знікаюць і ўсе гэтыя леніны-сталіны — і з п’дэсталаў на плошчах, і з галоваў у людзей. Як здарылася ва Усходняй Еўропе, уключна з Польшчай, у краінах Балтыі, а зараз адбываецца ва Украіне. У Беларусі ўсё застаецца незменным, што сведчыць толькі пра адно: беларусы загразлі ў савецкім мінулым. Але, як кажуць у такіх выпадках, — да пары, да часу…”.
Чакаць “рэвалюцыйных” зменаў у настроях землякоў Анро будзе ў майстэрні, якую ён перарабіў з… кароўніка. Дом прадзеда ў вёсцы Вайнідзяняты пад Смаргонню застаўся ў спадчыну; следам за ўпарадкаваннем інтэр’еру, перакладкай печы і рэканструкцыяй мэблі надышла чарга надворных пабудоваў. Як кажа мастак, пасля “уз’яднання” ў 1939-м савецкай і польскай частак Беларусі на загад бальшавікоў усе праявы сялянскай заможнасці былі зруйнаваныя ці пераробленыя ў хлявы. Цяпер Анро вяртае ім былы гаспадарчы лоск, у тым ліку з наданнем новай функцыянальнай нагрузкі.
Анро (Андрэй Рогач) нарадзіўся ў 1987 годзе ў Смаргоні Гарадзенскай вобласці. Мастак, фатограф, жыве і працуе ў родным горадзе. Жанаты. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны тэхнікум эканомікі, тэхналогіі і права па спецыяльнасьці “рэклама”. Ад 2007-га да 2012-га займаўся пастановачнай фатаграфіяй, зняў серыю «Дысамнія», у якой пераасэнсаваў беларускі фальклёр. Ад 2013 году займаецца жывапісам, распачынае тэматычныя сэрыялы: “The Lost”, “Face in Shadow”, графічную “Антыўтопію” “New World”. Удзельнік калектыўных і персанальных выставаў у Беларусі і Расіі. Аўтар кнігі “21 шклянка. Гісторыі Ёгеша, запісаныя Анро”.