Незалежная трупа “6-я Студия”: “Пакуль людзі будуць задаваць сабе пытанні – тэатр не памрэ”
Забаронаў на нейкія тэмы няма, кажа кіраўнік калектыву. “У нас няма мастацкага савету, тут, хутчэй, спрацоўваюць унутраныя табу грамадства. Яно вельмі замкнёнае, у нас не прынята размаўляць на важкія, непрыемныя тэмы, але рабіць гэта варта. Таму што гэтыя пытанні цікавяць нас, і мы мяркуем, што гледача таксама”.
Для прэм’еры, якая адбылася 26 траўня, калектыў абраў пастаноўку па п’есе французскага філосафа Жана Поля Сартра “За зачыненымі дзвярыма”. Пасля поспеху прэм’еры, паказ паўтарылі 5 ліпеня. “Драма людзей, вымушаных быць побач, але не разам, якія мараць здабыць адзін аднаго, але якія не ўмеюць адзін аднаго зразумець, – для нас нагода да апавядання. Мы не прыводзім рэальнасць – мы імкнемся стварыць яе нанова пры дапамозе вечнай магіі тэатра”, – кажуць у трупе.
П’есу абралі таму, што ў ёй удзельнічаюць тры артысты, якія пастаянна прысутнічаюць на сцэне і маюць раўнапраўныя ролі. А яшчэ таму, што хацелі зрабіць штосьці сапраўды сур’ёзнае, тлумачыць Георгій.
На пытанне пра праблемы, з якімі сутыкнуўся калектыў, рэжысёр кажа: “Зараз вялікая праблема гэта рэклама. Хацелася б больш гледачоў. Таксама адсутнасць асяродка, у якім творчы чалавек можа чымсці займацца. Для яго стварэння акурат патрэбны глядач, з якім хацелася б паразмаўляць. Можа, ён сам падасць нам нейкую ідэю, накіруе на штосьці”.
Як распавядаюць рэжысёр і акторы, тэатр не аўтарытарны, меркаванне кожнага ўдзельніка прымаецца да ўвагі, тэмы разглядаюць разам. “Слова рэжысёра – гэта не аксіёма, а хутчэй слуп, на які можна абаперціся”, – распавядае Кацярына, адна з акторак.
На абсталяванне да пастаноўкі чальцы калектыва збіраюць сродкі паміж сабой. Падрыхтоўка залы таксама ляжыць на іх плячах. З чымсці дапамагае ўніверсітэт – прадастаўляе абсталяванне, якое інакш было б цяжка здабыць.
Але з памяшканнем няпроста. Мінулы раз трупа збіралася ставіць п’есу ў новай зале, пра якую дамовіліся з універсітэтам: хацелася папрацаваць з больш якасным абсталяваннем. Але за тры дні да падзеі ў зале адмовілі, аргументуючы тым, што на спектакль не ўдасца сабраць дастаткова людзей.
“Мы нефармат. Людзі зараз не ходзяць у тэатр, можа, толькі ў рэпертуарны. Але хіба там нейкія тэмы закранаюцца? Яны не могуць дазволіць сабе самастойнасці – мы можам. За гэта і плацім”, – кажа рэжысёр.
“Ніхто не ведае, што адбываецца ў еўрапейскім тэатры, а там абсалютна іншая эстэтыка. У нас горад невялікі, ёсць у гэтым плюсы – публіка вельмі ўдзячная, ёсць і мінусы – ідэі надта марудна разыходзяцца”, – працягвае Георгій.
Дык ці ёсць будучыня ў тэатра? “Канешне, ёсць. Пакуль людзі будуць задаваць сабе пытанні – тэатр не памрэ”, – упэўнены рэжысёр.
У працяг тэмы, якую Георгій з акторамі паднялі ў пастаноўцы п’есы Сартра – канфлікта Прыгажосці, Розума і Волі – яны плануюць падрыхтаваць да гледача працу па матывах “Партрэта Дарыяна Грэя” Уайлда.
“Гэта працяг тэмы аб прыгажосці. У нас ужо ёсць пэўныя напрацоўкі, сама ідэя – зрабіць мантаж некалькіх тэкстаў, як гэта робяць у нямецкім тэатры”, – распавёў Георгій.
Фота: Алена Кавальчук