Археолагі вывучаюць “палац-прывід” непадалёк ад Мірскага замка
Па ініцыятыве кіраўніцтва музея “Замкавы комплекс” Мір” упершыню праводзяцца археалагічныя пошукі на месцы былога палаца Святаполк-Мірскіх. Прадстаўнікі ўплывовага роду былі апошнімі ўладальнікамі Мірскага замка. Зрэшты, сам замак яны аднаўляць не захацелі, узвёўшы непадалёк новы палац.
“Самае галоўнае, што пра палац, які мы называем прывідам, не засталося ніякіх звестак. Няма ні плана палаца, ні імя архітэктара. Пабудаваны ён быў у канцы XIX стагоддзя. Аднак, па расказах мясцовых жыхароў, ужо падчас Першай сусветнай вайны яго спалілі. Канчаткова разбураны палац быў пасля Вялікай Айчыннай вайны”, – распавёў Сяргей Піваварчык. Захавалася толькі адна фатаграфія пабудовы, якая адносіцца да пачатку XX стагоддзя, аднак па ёй даволі складана меркаваць, як выглядаў палац.
Навукоўцы і студэнты ГрДУ імя Я. Купалы ўжо раскапалі падмурак былога палаца, выявіўшы прадметы побыту канца XIX-пачатку XX стагоддзя. Спадзяюцца спецыялісты выявіць і артэфакты, якія адносяцца да гісторыі роду Святополк-Мірскіх. Археолагі расчысцілі завалены раней склеп, які, магчыма, у будучыні стане часткай аднаго з турыстычных маршрутаў.
“Па падмурку мы можам судзіць пра асаблівасці планіроўкі палаца. Сёння ўжо можна казаць пра яго нетыповую архітэктуру, пра тое, што ў будаўніцтве выкарыстоўваліся не самыя звычайныя матэрыялы. Напрыклад, памяшканні былі аздобленыя пліткай з харкаўскай фабрыкі Бергенгейма, аднаго з першых падобных прадпрыемстваў у Расійскай імперыі”, – распавёў Сяргей Піваварчык. Ён падкрэсліў, што знаходкі, знойдзеныя пры раскопках, стануць дадаткам музейнай экспазіцыі замкавага комплексу. Дзякуючы археалагічным пошукам і працы з архівамі можна будзе аднавіць выгляд палаца, прасачыць эвалюцыю развіцця замкавага комплексу ў цэлым.
У далейшым палац плануецца ўключыць у склад адноўленага паркава-садовага комплексу вакол замка.