Дзень без аўтамабіля ў Гродна
Мэта акцыі – прыцягнуць увагу да экалагічнах праблем і нагадаць пра негатыўны ўплыў аўтатранспарта на навакольнае асяроддзе.
У аддзеле агітацыі і прапаганды гродзенскай ДАІ “Твайму стылю паведамілі”, што змагацца за чысціню атмасфернага паветра супрацоўнікі ДАІ заўтра будуць перадусім уласным прыкладам.
Да таго ж яны пойдуць па прадпрыемствах і ўстановах з лекцыямі пра экалагічныя праблемы, якія ўзнікаюць з-за рэчываў, якія трапляюць у паветра разам з адпрацаванымі аўтамабільнымі газамі.
Заўтра ў Гродна будзе ўзмоцнена кантралявацца выкананне аўтамабілістамі правілаў паркоўкі, тэхнічны стан транспартных сродкаў і ўтрыманне шкодных рэчываў у выхлапных газах.
Можа хоць у гэты дзень больш упэўнена на гродзенскіх непрыстасаваных дарогах адчуюць сябе раварысты. Гэты транспартны сродак заўтра будзе карыстацца асаблівай павагай з боку супрацоўнкіаў ДАІ: ва ўсіх больш-меньш вялікіх гарадах вобласці запланаваныя роварныя прабегі.
У Гродна, як і па ўсёй Беларусі, “Дзень без аўтамабіля” ладзіцца другі год запар.
Гэтая экалагічная ініцыятыва нарадзілася ў Францыі 20 год таму, на сёння яе патрымлала больш за тысячу гарадоў па ўсёй Еўропе, Амерыцы, у Кітаі і Таіландзе.
Ініцыятарамі акцыі ў Беларусі сталі Міністэрства прыроды, МУС і Міністэрства транспарту.