Глядзіце, хто прыехаў! Кантракт з “Нёманам” падпісаў адзін з самых скандальных беларускіх футбалістаў
Філіп Рудзік нарадзіўся і пачынаў гуляць у Санкт-Пецярбурзе, але яшчэ ў юнацкім ўзросце перабраўся ў Наваполацк, дзе і зрабіў сабе імя ў розных сэнсах гэтага слова.
Юнак у хуткім часе атрымаў беларускі пашпарт, добра гуляў: выйграў Кубак краіны 2009 г., у гэтым жа годзе (дарэчы, у Гродне!) дэбютаваў у матчы супраць Андоры за зборную Беларусі (усяго за каманду згуляў 4 гульні), лічыўся адным з найбольш перспектыўных маладых гульцоў чэмпіянату краіны.
Пры гэтым Філіпа раз-пораз падводзіла нястрыманасць. Так, у верасні 2010 г. у канцы гульні супраць БАТЭ футбаліст у адказ на свісткі і рэплікі з боку барысаўскіх заўзятараў не знайшоў нічога лепшага, чым павярнуцца да іх спіной, зняць трусы ды паказаць дупу!
Іронія лёсу была ў тым, што ўжо наступнай вясной Рудзік стаў гульцом БАТЭ. Каб рэабілітаваць сябе ў вачох мясцовай “тарсіды” футбаліст прама на стадыёне праз гукаўзмацняльнік папрасіў прабачэння за свой учынак.
За час выступаў за БАТЭ Філіп двойчы перамог у чэмпіянатах краіны (2011, 2012), браў удзел у гульнях Лігі чэмпіёнаў.
Гэта быў пік кар’еры Рудзіка. Вядомы сайт transfermarkt, які спецыялізуецца на ацэнцы рынкавай вартасці футбалістаў, ацэньваў тады трансферны кошт Філіпа ў 600 тыс. еўра.
У 2013 г. Рудзіка аддаюць у арэнду ў “Гомель”. З той пары клубы ў біяграфіі Рудзіка змяняліся як пальчаткі: на змену казахстанскім “Атырау” (2014) і “Спартаку” (2014) прыйшлі польскі “Гурнік” (2015) і салігорскі “Шахцёр” (2015).
Перад пачаткам гэтага сезону Рудзік заяўляе, што плануе скончыць кар’еру, бо ў Беларусі футбалістам плацяць вельмі мала.
– Паеду ў Санкт-Пецярбург, буду працаваць – заявіў футбаліст у адным з інтэрв’ю.
Аднак замест сваёй радзімы Філіп зноў едзе ў Казахстан (прыняўшы яшчэ раней казахстанскае грамадзянства, каб не лічыцца “легіянерам”), падпісаўшы кантракт з “Жэтысу” (12 гульняў, 1 гол у першай палове 2016 г.).
І вось зноў вяртанне ў Беларусь – гэтым разам у Гродна, да добра вядомага яму па Наваполацку трэнера Ігара Кавалевіча.
Кантракт падпісаны да канца сезона. Што ж, больш, чым на паўгады, Філіп мала дзе затрымліваецца.
Акрамя Рудзіка, кантракт з “Нёманам” падпісаў абаронца Уладзіслаў Касмынін, які прафесійна пачынаў гуляць таксама ў Наваполацку. У арэнду ў БАТЭ ўзяты малады нападнік Уладзіслаў Клімовіч, а з мінскага “Дынама” – выхаванец гарадзенскага футболу Яраслаў Яроцкі.
Фота: fcneman.by, pressball.by