Сметнік пад белымі крыламі: як людзі змяняюць лёс буслоў3

|

 

Змены ў паводзінах белых буслоў першымі адзначылі заходне-еўрапейскія арнітолагі.   Большась буслоў з Іспаніі і Партугаліі ўжо ад канца 1980-х перастала адлятаць на зіму ў вырай. Птушкі сталі заставацца на месцах гнездавання круглы год, бо тут з’явіліся новыя магчымасці харчавання – адкрытыя сметнікі  вялікіх гарадоў. І летам, і зімой грамадства спажывання  гатова шчодра надзяляць птушак адходамі сваёй жыццядзейнасці.

 

Геаграфічна пашырэнне новых паводзінаў сярод белых буслоў ідзе з захаду на ўсход. Апошнія 4 – 5 гадоў падобную сітуацыю ужо можна назіраць і ў ваколіцах Гродна. Пра гэта расказваюць супрацоўнікі мясцовога палігона цвёрдых бытавых адходаў.  “Раней тут буслоў не было, – распавядае гарадзенскі арнітолаг Дзьмітрый Вінчэўскі,  – пакуль і далей на ўсход, каля Мінска, на звалках назіраюць толькі па некалькі птушак. На “гарадзенскім” жа сметніку сёлета налічваюць да трохсот буслоў адначасова.”

 

 

 

Большасць гэтых птушак – маладыя осабі да 4 – 5 гадоў. Яны яшчэ не гняздуюць і праводзяць каля сметнікаў большую частку часу. Даступнасць і дастатковая колькасць ежы робіць іх перспектывы выжывання больш надзейнымі. Ды і натуральных ворагаў тут няма – усё бяспечна. З іншага боку, існуе магчымасць атручвання ці захворвання птушак, бо гарантый экалагічнасці ежы са звалкі таксама ніхто не дасць.

 

 

Найбольшыя апасенні, меркаваннем Дзьмітрыя Вінчэўскага, выклікае ненатуральнасць такіх паводзінаў: “Буслы “знайшлі” новыя крыніцы харчавання і гэта напэўна прывядзе да росту папуляцыі”. Да прыкладу ў Партугаліі цягам апошніх 20 гадоў колькасцьі белых буслоў павялічыліся  ў 10 разоў (да 14 тысяч птушак) і працягвае расці. Небяспека тоіцца ў тым, што з нагоды “лёгкага хлеба” птушкі могуць “развучыцца” здабываць натуральную ежу. Тады пасля ліквідацыі адкрытых звалак, якую  Еўразвяз  плануе правесці бліжэйшымі гадамі, птушкам ізноў прыдзецца “перавучвацца”  – гэтым разам да больш складаных умоваў.

 

 

 

Колькі з іх зможа нанова адаптавацца пад натуральнае асяроддзе – застаецца адкрытым пытаннем. Верагодна, што пры такім развіцці падзей трэба чакаць рэзкага скарачэння буслінай папуляцыі. Тыя, што не здолеюць “па-дзедаўску” шукаць  яшчарак, жабак ды дробную рыбку  – загінуць.

 

З адлётам буслоў у вырай перспектывы таксама не ясныя. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ўсе еўрапейскія белыя буслы былі пералётнымі птушкамі, а месцам іх міграцыі была Паўднёвая Афрыка.  Зараз сітуацыя ўжо змянілася. Даследванні міжнарожнай каманды арнітолагаў ўсталявалі, што птушкі з Іспаніі, Туніса і Германіі, хаця і паляцелі на зімоўку, спыніліся нашмат бліжэй, чым звычайна, на поўначы Сахары. Буслы з Арменіі ў сярэднім праляцелі толькі каля 1000 км – канечным пунктам іх падарожжа сталі краіны  Персідскага заліву. А узбекскія птушкі ўвогуле  засталіся зімаваць у сваёй краіне, вакол Ташкента, і не далей, чым на  150 км ад месца нараджэння.

 

 

“Шляхі міграцыі ў птушак замацаваны на генетычным ўзроўні, – разважае Дзьмітрый Вінчэўскі, – сказаць, як адаб’юцца  справакаваныя дзейнасцю чалавека змены паводзінаў на беларускіх буслах, прадказаць немагчыма – вельмі шмат невядомых у гэтай задачы”.

 

Дапамагчы ў развязанні  пытанняў пра паводзіны і лёс беларускіх  буслоў могуць  назіранні, таму  сёлета  і беларускія арнітолагі  далучыліся да міжнароднай каманды даследчыкаў.

 

 

Аднак жа падаецца, што і людзям час змяніць стаўленне да ўласнага спажывання, да утварэння і  спосабаў звароту адходаў. Калі ўжо завялі мы буслоў на сметнікі, то мусім і дапамагчы ім адтуль выйсці без фатальных стратаў. Каб сімвалам пакою і дабрабыту надалей заставаўся бусел над хатаю, а не на сметніку.

 

 

Здымкі аўтаркі