Сметнік пад белымі крыламі: як людзі змяняюць лёс буслоў (Duplicate) 1

|

 

Змены ў паводзінах белых буслоў першымі адзначылі заходнееўрапейскія арнітолагі. Большась буслоў з Іспаніі і Партугаліі ўжо з канца 1980-х перастала адлятаць на зіму ў вырай. Птушкі застаюцца на месцах гнездавання круглы год, бо тут з’явіліся новыя магчымасці харчавання – адкрытыя сметнікі вялікіх гарадоў. І летам, і зімой грамадства спажывання гатова шчодра надзяляць птушак адходамі сваёй жыццядзейнасці.

 

Геаграфічна пашырэнне новых паводзінаў сярод белых буслоў ідзе з захаду на ўсход. Апошнія 4-5 гадоў падобную сітуацыю можна назіраць і ў ваколіцах Гродна. Пра гэта расказваюць супрацоўнікі мясцовога палігона цвёрдых бытавых адходаў.

 

“Раней тут буслоў не было, – распавядае гарадзенскі арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі,  – пакуль і далей на ўсход, каля Мінска, на звалках назіраюць толькі па некалькі птушак. На “гарадзенскім” жа сметніку сёлета налічваюць да трохсот буслоў адначасова”.

 

 

Большасць гэтых птушак – маладыя, да 4–5 гадоў. Яны яшчэ не гняздуюць і праводзяць каля сметнікаў большасць часу. Даступнасць і дастатковая колькасць ежы робіць іх перспектывы выжывання больш надзейнымі. Ды і натуральных ворагаў тут няма – усё бяспечна. З іншага боку, існуе магчымасць атручвання ці захворвання птушак, бо гарантый экалагічнасці ежы са звалкі таксама ніхто не дасць.

 

 

Найбольшыя апасенні, паводле Дзмітрыя Вінчэўскага, выклікае ненатуральнасць такіх паводзін:

 

“Буслы “знайшлі” новыя крыніцы харчавання і гэта, напэўна, прывядзе да росту папуляцыі”. Да прыкладу, у Партугаліі цягам апошніх 20 гадоў колькасць белых буслоў павялічыліся ў 10 разоў (да 14 тысяч птушак) і працягвае расці. Небяспека ў тым, што праз “лёгкі хлеб” птушкі могуць “развучыцца” здабываць натуральную ежу. Тады пасля ліквідацыі адкрытых звалак, якую Еўрасаюз  плануе правесці бліжэйшымі гадамі, птушкам ізноў прыдзецца “перавучвацца”  – гэтым разам да больш складаных умоваў.

 

 

Колькі з іх зможа нанова адаптавацца пад натуральнае асяроддзе – невядома. Верагодна, пры такім развіцці падзей трэба чакаць рэзкага скарачэння буслінай папуляцыі. Тыя, што не здолеюць “па-дзедаўску” шукаць яшчарак, жабак ды дробную рыбку – загінуць.

 

З адлётам буслоў у вырай перспектывы таксама не ясныя. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ўсе еўрапейскія белыя буслы былі пералётнымі птушкамі, а месцам іх міграцыі была Паўднёвая Афрыка. Зараз сітуацыя ўжо змянілася. Даследванні міжнарожнай каманды арнітолагаў высветлілі, што птушкі з Іспаніі, Туніса і Германіі, хаця і паляцелі на зімоўку, спыніліся нашмат бліжэй, чым звычайна, на поўначы Сахары. Буслы з Арменіі ў сярэднім праляцелі толькі каля 1000 км – канечным пунктам іх падарожжа сталі краіны Персідскага заліву. А ўзбекскія птушкі ўвогуле засталіся зімаваць у сваёй краіне, вакол Ташкента, і не далей, чым на 150 км ад месца нараджэння.

 

 

“Шляхі міграцыі ў птушак замацаваны на генетычным узроўні, – разважае Дзмітрый Вінчэўскі, – сказаць, як адаб’юцца справакаваныя дзейнасцю чалавека змены паводзінаў на беларускіх буслах, прадказаць немагчыма – вельмі шмат невядомых”.

 

Дапамагчы адказаць на пытанні пра паводзіны і лёс беларускіх буслоў могуць назіранні, таму сёлета і беларускія арнітолагі далучыліся да міжнароднай каманды даследчыкаў.

 

 

 

Здымкі аўтаркі