“Чэргі на мяжы ствараюць не мытнікі, а тыя, хто некалькі разоў на дзень мяжу перасякае”. Рэпартаж з пункта пропуску
Пункт пропуску “Брузгі” знаходзіцца ў 30 кіламетрах ад Гродна і ўваходзіць у тройку самых наведвальных у краіне. За суткі тут можа прайсці да 1200 легкавых аўтамабіляў, да 600 грузавікоў і каля 50 аўтобусаў – прыкладна 45% ад усяго аб’ёму пропуску Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
– Як правіла, самая напружаная сітуацыя – у выходныя. Вось гэтыя пару дзясяткаў машын на выезд і столькі ж на ўезд – гэта амаль нічога, – кажа начальнік мытнага паста “Брузгі” Сяргей Алешчанка, паказваючы на вялікі экран у сваім кабінеце. Усё, што адбываецца на пасту, начальнік можа бачыць у рэжыме анлайн.
“Чаму вязем з Польшчы парашкі? Так яны лепшыя за нашы”
Бліжэй да абеду колькасць машын і аўтобусаў павялічваецца. Людзі адкрываюць багажнікі, дастаюць сумкі з надпісам Biedronka, выкладваюць пачкі туалетнай паперы і пральных парашкоў – традыцыйныя атрыбуты паездкі ў Польшчу.
Спачатку ідзем на зялёны калідор. Ён існуе для тых, у каго няма тавараў для дэкларавання і не перавышаны нормы ўвозу – 1500 еўра і 50 кг для тых, хто ездзіць за мяжу не часцей чым раз у тры месяцы, і 300 еўра і 20 кн для тых, хто катаецца часцей.
Галоўнае – не забыцца: тэхніку і іншыя тавары, якія падлягаюць дэкларацыі, усё роўна трэба правозіць праз чырвоны калідор.
– Мы з Гродна. Ездзілі адпачываць на пару дзён у Гданьск. Зрабілі візу – і вось першы раз за паўгода выехалі. Напэўна, усё ж нічога не парушылі, – хвалюецца пара, якая выгрузіла на вагі каля 35 кілаграмаў. – У нас тут пакупак няшмат – па дробязі, калі зірнуць, колькі людзі выгружаюць. Да 300 еўра яшчэ далёка.
– Яны першы раз у гэтым годзе, таму могуць бяспошлінна правезці па 50 кілаграмаў на кожнага, – тлумачыць супрацоўнік паста Дзмітрый і прапускае пару ў Беларусь.
За гарадзенцамі падцягваецца і аўто са сталічнымі нумарамі. Двое мужчын і жанчына, як аказалася, вяртаюцца з адпачынку ў Харватыі.
– Па шляху заехалі купіць туалетнай паперы, яшчэ ёгурты польскія нам вельмі падабаюцца. Ну і стандартна: парашкі, адбельвальнік, – тлумачаць мінчане. – Чаму возім туалетную паперу? Ну, яна лепш па якасці, чым наша. Парашкі таксама лепш. Не нашмат танней, але ўсё-ткі лепш. Ды і “ваты” вярнуць можна. Вядома, 300 еўра замала, асабліва калі ты любіш падарожнічаць за мяжу, а потым табе трэба купіць нешта буйное – тэлевізар, ноўтбук ці што яшчэ. Ды нават калі рамонт рабіць і будматэрыялы везці (там яны нашмат танней), то ўжо не павязеш, не зэканоміш.
Перавышэнняў у мінчан няма, іх таксама прапускаюць.
Важная дэталь: калі вы адправіцеся на зялёны калідор і перасячэце адмысловую зялёную лінію, то пасля гэтага вярнуцца назад у Польшчу, каб здаць тавар, або пераехаць на чырвоны калідор ўжо нельга. Такія правілы.
Па зялёным калідоры едуць і веласіпедысты. Аказваецца, гродзенцы прыстасаваліся катацца так у суседнюю Кузніцу па прадукты.
– Часам езджу ў краму, праца дазваляе. На машыне трэба выстаяць час, а тут ёсць пару гадзін свабодных – сеў на ровар і пагнаў, – пачаў спешвацца Юры і выкладваць з заплечніка пакупкі. – Не, 300 еўра дакладна не. Гэта як пастарацца трэба, каб прадуктаў столькі набраць? Мы па дробязі.
– Печыва дзіцяці, ёгурты, кава, шакалад – усё па спісе, што жонка напісала. Тут да Кузніцы ўсяго нічога ад мяжы, для вопытнага веласіпедыста глупства, – тлумачыць мужчына.
– Хацелася б, каб хутчэй адкрылі пешаходны пераход. Межы ж павінны збліжаць, а не раз’ядноўваць, – кажа Юры і скача на свой ровар. Мытнік аддае яму пашпарт і жадае шчаслівага шляху.
– Інфармацыі аб новым указе было вельмі шмат, людзі ўжо прывыклі, – лічыць Сяргей Алешчанка. – Парушэнні адбываюцца рэдка. Бывае, па вазе людзі нешта перабіраюць. Вось нядаўна пара везла, апроч іншага тавару, 48 літраў вады. Часам перавышаюць ліміты па алкаголю, але гэта часцей расіяне. Прыходзіцца адбіраць лішняе.
“Перазменка ў мытнікаў – максімум пару хвілін”
Праз чырвоны калідор чарга рухаецца павольней. Людзі запаўняюць пасажырскія дэкларацыі, нешта перапытваюць і ўдакладняюць – перастрахоўваюцца.
– Уся інфармацыя ёсць у нас на стэндах, – тлумачыць Сяргей Алешчанка. – Дэкларацыю можна спампаваць з сайта і запоўніць загадзя, каб тут не стаяць.
Маладзечанцы ў бусіку, відаць, закупіліся тэхнікай – кіроўца па чарзе дастае з багажніка пыласос, кухонны камбайн. Супрацоўнікі звяраюць рэальныя тавары з дэкларацыяй, узважваюць скрынкі, просяць адкрыць, дастаць рэчы з пакетаў.
– Ведаеце, там можна добра зэканоміць на тэхніцы. Дзесьці танней на 5 долараў, а дзесбці і на ўсе 50. А для нас гэта грошы, – кажа кіраўнік сямейства. – Ездзім рэдка: раз у квартал можам падзбіраць грошай і паехаць закупіцца. Усё ж далёка адсюль да Маладзечна.
З дэкларацыямі маладзечанскай сям’і інспектар ідзе ў невялікі пакойчык, уносіць дадзеныя ў камп’ютар і звярае з базай: раптам гэтая пара ўжо правозіла штосьці з тэхнікі? Аказалася, што не.
– Зверыць тавары з дэкларацыяй займае хвілін 10-20 у залежнасці ад іх колькасці, – кажуць інспектары. – Яшчэ хвіліны 2-4 трэба, каб перанесці інфармацыю з дэкларацыі ў базу. Агулам, калі няма ніякіх праблем, мытны кантроль можна прайсці максімум за 30 хвілін. Калі трэба плаціць пошліны, то, вядома, час павялічваецца.
– А перазменкі ?
– Перазменка ў нас – максімум пару хвілін, – адзначаюць мытнікі.
– Наогул, сам кантроль вельмі хутка праходзіць, так, – кажуць пасажыры некалькіх аўто. – Мы тут дзве гадзіны стаім. Кажуць, што можа быць і шэсць, і сем гадзін, калі гэта выходныя.
Наяўнасць чэргаў мытнікі тлумачаць тым, што ў выходныя ў разы павялічваецца колькасць аўтамабіляў і колькасць “чаўнакоў”.
– Як правіла, чэргі збіраюцца ў асноўным з-за тых, хто ездзіць па некалькі разоў у суткі. У гэтых людзей амаль усе старонкі заштампаваныя. Хто яны? Тыя, хто на мяжы зарабляе, – кажа начальнік паста. – Да тых, хто ездзіць кожны дзень або па некалькі разоў на тыдзень, у нас асаблівая ўвага. Іх мы аглядаем больш старанна, трацім больш часу на дагляд, адпраўляем у бокс ручнога агляду, на сканер.
“Былі б у нас цэннікі, як у Польшчы, хто ж бы сюды ездзіў?”
Рэйсавыя і турыстычныя аўтобусы правяраюць асобна. Спачатку мытнікі аглядаюць самі транспартныя сродкі. Пасажыраў запускаюць у спецыяльную залу з вагамі і спецыяльнай рэнтген-устаноўкай, як у аэрапорце. Якраз прыбыў рэйс “Беласток-Гродна”, і людзі ўціскаюцца сюды з велічэзнымі торбамі.
– Зялёным свеціцца арганіка, сінім – метал, – паказваюць экран камп’ютара супрацоўнікі і прапускаюць праз устаноўку рэчы пасажыраў.
– Што вязем? Вось хлопца ў школу збіралі, – тлумачыць лідчанкі з сынам-падлеткам. – Так, там танней. Тыя ж джынсы за 250 тыс. Можна знайсці. У нас, напэўна, такія на рынку і не купіш.
– Сума пакупак не перавышае 300 еўра? – пытаем мы.
– Дзе там! – усклікае жанчына. – Гэта ж паўтары зарплаты, на столькі ж мы і не разлічвалі.
– Ой, усё вязем адтуль, – кажа гарадзенка. – У іх зніжкі добрыя, асабліва калі на распродаж патрапіш – прыгажосць. Красоўкі Adidas сыну фірмовыя можна за 40 рублёў на нашы купіць. У нас такога няма. І потым прывыклі мы ўжо да польскіх рэчаў, адвучыцца складана.
– А ўсякія хатнія рэчы – сушылкі для бялізны, посуд шкляны… Там ёмістасць для запякання каштуе 9 рублёў на нашы, у той час як у нас – усё 35. Ну, як не ездзіць? – разважае дама ў ружовай кофтачцы.
– Аўтобусам ў Польшчу ехаць зручна, – разважае жыхарка Гродна. – Тут строгі расклад – заўсёды ведаеш, колькі і як прастаіш на мяжы. Аўтобус практычна не затрымліваюць. Ды і цана каля 15 долараў.
– Калі былі б у нас такія кошты і такія распродажы, хіба мы б так ездзілі туды? – выцірае потны лоб адна з пасажырак.
Мытнікі кажуць, што тут таксама ёсць свае кантрабандысткі: апранаюць на сябе па пяць пар джынсаў і маек.
– Часам просяць кагосьці што-небудзь правезці – ніколі не бярыце, – папярэджваюць мытнікі. – І не падвозце нікога. У нас была сітуацыя, калі адзін мужчына хлопца падвозіў, і ў таго наркотыкі выявілі. Дык мала таго, што кіроўца на мяжы правёў процьму часу, так яшчэ і аўтамабіль забралі.
“У нас пастаянная барацьба: хто каго – кантрабандысты нас ці мы іх”
Калі ў інспектара на пасту ўзнікаюць падазрэнні, ён адпраўляе аўтамабіль на сканер – у невялікае памяшканне са спецыяльнай устаноўкай.
– Раней у нас была перасоўная ўстаноўка, цяпер вось стацыянарная, – тлумачыць мытнік Зміцер. Ён прайшоў навучанне, атрымаў сертыфікат і цяпер мае права працаваць за устаноўкай. Інспектар паказвае на камп’ютары “рэнтген” легкавога аўтамабіля.
– Тут мы адразу бачым неканструктыўныя асаблівасці аўтамабіля і разумеем: гэта схованкі, – тлумачыць ён.
Як правіла, камп’ютар адзначае магчымыя тайнікі чырвонымі квадратамі. Фатаграфаваць экран камп’ютара з адзнакамі схованак не дазваляюць: інфармацыя сакрэтная.
– Схем мноства, але практычна ўсе нам вядомыя, – кажуць мытнікі. – Пару гадоў таму знайшлі ў Lexus буйную партыю наркотыкаў. Здзіўляешся першы час, калі толькі вучышся, пачынаеш працу. Потым ужо людзі дзівяцца, калі мы іх схованкі знаходзім. У любым выпадку кантрабандысты стараюцца, вынаходзяць новыя спосабы схаваць кантрабанду. Але мы таксама расцем. Вось і атрымліваецца як у фільме “Беражыся аўтамабіля”: ты ўцякаеш, я даганяю. Гэта пастаянная барацьба: хто каго – кантрабандысты нас ці мы іх.
Пасля сканэра аўтамабіль могуць адправіць у бокс ручнога дагляду. Там ужо яго раскручваюць.
– Другі раз еду, і зноў мяне ў бокс заганяюць, – скардзіцца кіроўца белага Volkswagen Passat і просіць яго не фатаграфаваць. Аўто забіта пакетамі з пакупкамі, у багажніку віднеецца дзіцячая калыска.
– Мы стараемся радзей ездзіць, – тлумачыць пара, але відаць, што факты кажуць пра адваротнае.
– Вельмі часта людзі хітруюць, калі распавядаюць, што яны вязуць і як. Могуць у бутэльцы з-пад колы везці каньяк, пад выглядам вады – гарэлку. Нам даводзіцца ўзмацняць кантроль, праводзіць больш дбайныя дагляды, – тлумачыць Сяргей Алешчанка. – Вось з-за павелічэння часу агляду, які траціцца на такіх парушальнікаў, на складанне пратаколаў, пакутуюць прыстойныя грамадзяне, якіх большасць.
Дарэчы, сакрэты вызначэння кантрабандыстаў мытнікі не раскрылі. Але распавялі, што ключавое – гэта псіхалогія.
– Вось бачыш аўтамабіль, кіроўца якога тузаецца, – ясна ж, што падыдзеш праверыць, – скупа патлумачылі нам.
“Калі чалавек прывык зарабляць на мяжы, то на завод ён, як правіла, не ідзе”
Канфіскаваны тавар трапляе на склад пункта пропуску. Такіх памяшканняў тут усяго тры.
У іх слупкамі стаяць аўтамабільныя шыны, у скрынках ляжаць дэталі, далей – пачкі кавы, віно, парашкі, бутэлькі з адбельвальнікам, упакоўкі туалетнай паперы, шакаладкі, парасоны.
– Вось дарагая мэбля: адно крэселка – 900 еўра, – паказваюць на скрынкі мытнікі. – Часам вязуць з перавышэннем утрая больш. Думаюць: а мы праедзем, не паглядзяць, праскочым. Але ўсё роўна трапляюцца, – паціскае плячыма начальнік паста.
– Часам трапляюць наркотыкі і зброя, але гэта рэдка, – дадаюць інспектары.
– Ёсць тое, што канфіскавана па ўказе прэзідэнта №40, ёсць перавышэнні па нормах, – кажа адказная за склад супрацоўніца паста Ірына. – Калі кантрабандны тавар хавалі або перамяшчалі ў тайніку, то разам з ім канфіскоўваем і аўто.
– І вось нягледзячы на ўзмацненне жорсткасці закона, на ўзмацненне кантролю, людзі ўсё роўна не перастаюць вазіць кантрабанду, парушаюць правілы. І кожны раз дзівяцца, калі мы гэта выяўляем, – заключаюць мытнікі.