Лагерную Біблію Ларысы Геніюш захоўвае жыхарка Зэльвы

|

“Ніхто б не ведаў пра Зэльву, каб не Геніюш”

 

Сярод тых, хто ўсё ж такі прыехаў напярэдадні памятнай даты ў Зэльву – літаратар і гісторык Сяргей Чыгрын са Слоніма. Ён прыязджае сюды на ўсе ўрачыстасці, звязаныя з Ларысай Антонаўнай, пачынаючы з 1980-х гадоў.Чыгрын асабіста зладзіў тут шмат мерапрыемстваў разам з літаратуразнаўцам Міхасём Скоблам ды іншымі актывістамі.

 

Biust kala carkvy

 

“Часам, калі размаўляю з чалавекам, аказваецца, што ён не быў у Зэльве і не ведае нічога пра Ларысу Геніюш, я кажу яму: “Паехалі”. А ўжо па дарозе распавядаю пра лёс паэткі ды яе значэнне для Бацькаўшчыны. Бывае, такі чалавек пасля сам цікавіцца: “Ну, калі зноў паедзем да Геніюш?”. Часта гэта людзі далёкія і ад літаратуры, і ад палітыкі – звычайныя беларусы”.

 

Гісторык упэўнены, што каб не было Ларысы Геніюш – ніхто не ведаў бы пра Зэльву. “А калі чалавек сюды ўжо едзе, то едзе не ў горад сам па сабе, а да Геніюшай – Янкі ды Ларысы”, – распавядае спадар Сяргей.

 

Памяць жывая, нягледзячы на забароны

 

Сапраўды, Зэльва наўрад ці нечым уразіць незаангажаванага наведніка: няма тут ані замку, ані барочных касцёлаў, ані шляхецкіх паркаў. Звяртае на сябе ўвагу хіба Зэльвенскае вадасховішча, від на якое акурат выдатна адкрываецца з магілы Геніюшаў, якая стаіць на горцы.

 

Na mohilkach (3)

 

Калі заехаць ад могілак у цэнтр, то можна ўбачыць дом, дзе жыла паэтка з мужам пасля вяртання з Гулагу. Тут няма ані шыльдаў, ані бел-чырвона-белых сцяжкоў, затое Геніюшаў ведаюць нават дзеці: хлапчук, які сустрэў нас пры браме не без гонару пацвердзіў: “Так, тут жыла Геніюш!”

 

Насупраць хаты – праваслаўная царква, побач з якой стаіць бюст літаратаркі з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам, застыглым у бронзе. Як вядома, бюст меўся стаяць бліжэй хаты, але ўлады не дазволілі, таму манумент перанеслі на тэрыторыю царквы.

 

Na mohilkach (2)

 

Падобная гісторыя і з перайменаваннем вуліцы Савецкай, на якой стаіць дом паэткі, у вуліцу імя Ларысы Геніюш: большасць жыхароў выказаліся “за”, былі сабраныя подпісы, але вертыкаль не дала дазволу. Шыльду, якую актывісты павесілі на будынку за свае грошы, зняла міліцыя…

 

“На 1 верасня Ларыса Геніюш рабіла нам букеты”

 

Тым не менш, Геніюш дагэтуль жыве ва ўспамінах зэльвенцаў. Падыходзім да пары бабулек насупраць царквы, пачынаем распытваць пра зямлячку.

 

“Канешне памятаю, так! Бывала, перад першым верасня нам патрэбныя кветкі, то ідзем да пані Ларысы. Яна сама нарэжа, перавяжа, паробіць нам букеты са свайго гароду ля хаты. Яе тут усе любілі!”, – усміхаецца бабулька.

 

Irena Tukalskaja (6)

 

Цікавімся, хто тут мог ведаць паэтку бліжэй. Нечакана адна з цётачак робіцца нашым гідам: забыўшыся на свае справы, водзіць па хатах у пошуках жывых сведкаў. Ірэна Тукальская, у хату якой заходзім у апошнюю чаргу, стае для нас сапраўдным адкрыццём…

 

“Пасля смерці партыйцы перарылі ўсю хату Геніюшаў…”

 

Спадарыня Ірэна мае 83 гады, а Ларысу Геніюш ведае ажно з 1956 году, калі тая вярнулася з лагераў. Справа ў тым, што жанчына выйшла замуж за пляменніка паэткі, а пасля яны парадніліся “яшчэ раз”: Геніюш стала хроснай яе сына.

 

Irena Tukalskaja (5)

 

“Яна ўвесь час пісала вершы, любіла прымаць гасцей. У яе пяклі тарты ды іншыя прысмакі – ад Ларысы я ведаю шмат кулінарных таямніц. Яна заўсёды казала: “У мяне няма ворагаў”. Яе таксама ўсе любілі – акрамя ўлады мясцовай…”, – узгадвае спадарыня Ірэна.

 

У Зэльве, як памятае Ірэна Тукальская, Геніюш размаўляла выключна па-беларуску, хоць валодала і чэшскай, і польскай, і іншымі мовамі. Паэтку спачатку нават запрашалі працаваць у зэльвенскай школе, але пасля “перадумалі”: такі настаўнік мог быць шкодным для савецкіх вучняў… Тут жа працавала і спадарыня Ірэна – настаўніцай фізкультуры.

 

“Калі Ларыса памірала ўжо ў Горадні, яна мне кажа: “Ірачка, спі спакойна, ворагам я ніколі не была! Нават у хаце не маю нічога забароненага…” Сапраўды, пасля яе смерці мясцовыя партыйныя дзеячы перарылі ў яе ўсю хату: кніжкі, папры… Шукалі нечага”, – працягвае спадарыня Ірэна.

 

“Калі аддам лагерную Біблію – дык толькі ўнуку Ларысы”

 

Дзякуючы блізкім стасункам з Ларысай Геніюш, Ірэна пазнаёмілася з усім “першым эшалонам” беларускай літаратуры: тут бывалі і Караткевіч, і Гілевіч, і Данута Бічэль. Прыязджалі да паэткі і былыя вязні сталінскіх лагераў – большасці, на жаль, ужо таксама няма сярод жывых. Гілевіч, дарэчы, прывёз Ларысе Антонаўне рэпрадукцыю “Мадонны” Рафаэля – зараз абраз стаіць на камодзе ў доме Тукальскіх.

 

Doma u spn Ireny (3)

Biblija (2)

 

Зрэшты, гэта не адзіная рэліквія Ірэны. Жанчына захоўвае здымкі Ларысы Геніюш ды яе сям’і, кнігі з аўтографамі, а таксама машынапісныя аркушы з вершамі паэткі (часам з праўкамі, нанесенымі ўжо пазней атрамантам).

 

Ці не галоўны скарб у гэтым архіве – беларускамоўная Біблія, з якой Ларыса Антонаўна прайшла пекла сталінскага Гулагу. Унутры збераглося нават дзве вышываныя закладкі, зробленыя там жа, у лагерах. Кніга, дарэчы, выдадзеная ў Гельсінгфорсе (Хельсінкі) у 1931-м годзе: за часамі польскага панавання там выдавалі багата нелегальнай і паўлегальнай літаратуры.

 

Ірэна Тукальская дагэтуль чытае толькі гэтую Біблію. Аддаваць падарунак паэткі ні ў якія музеі не спяшаецца. Кажа, што калі перадасць, дык толькі ўнуку Ларысы Антонаўны Данілу, які жыве ў Польшчы. Рэліквія мае жыць далей – у сям’і паэткі.