“Смаргонь” памірае стоячы
Учора гарадзенцы прайгралі ў Брэсце з лікам 0-2 мясцоваму “Дынама”.
Гаспадары забілі 2 хуткія галы (на 2-й і 22-й хв.), якія і перадвызначылі вынік гульні.
На прэс-канферэнцыі галоўны трэнер “Нёмана” Алег Радушка наракаў на слабую гульню сваіх нападнікаў. І сапраўды, менш за гарадзенцаў (17 галоў) у гэтым сезоне ў вышэйшай лізе забівала толькі… “Смаргонь” (11 галоў).
Смаргонскі клуб, дарэчы, заслугоўвае пахвалы за тое, што змагаецца ў безнадзейнай сітуацыі. Вось і ўчора смаргонцы далі бой на сваім полі аднаму з лідэраў чэмпіянату – наваполацкаму “Нафтану”. Яшчэ за 10 хв. да канца гульні гаспадары вялі ў ліку 2-1, але ўтрымаць перамогу не змаглі.
“Сморгонь умирает стоя” – такі загаловак з’явіўся днямі ў “Прессболе” ў дачыненні да гульні каманды ў апошніх сустрэчах чэмпіянату. Каманду ўжо нічога не ўратуе ад выбывання ў першую лігу, але заўзятары футболу са Смаргоні напэўна ацэняць характар мясцовых гульцоў.
“Нёману” ж трэба выпраўляць сітуацыю. Клуб ужо адкаціўся на 8-е месца і знаходзіцца непадалёк ад зоны выбывання з вышэйшай лігі.
27 верасня камандзе гуляць у гасцёх з “Віцебскам”, які таксама знаходзіцца ў небяспечнай зоне. Лёгкага жыцця чакаць у гэтай гульні не выпадае…